Моладзь красуе заўсёды. Як працуюць у Ляхавіцкім раёне на жніве маладыя кадры

Гэтыя прачытаныя некалі ў беларускага класіка словы ўзгадаліся дарэчы. І, здаецца, прыйшліся ў тэму – жніўная кампанія. Падтэма – моладзь на ўборцы збожжа.

Красуе яна і на ўборачным «гектары», і на пасяўных палетках, і на доглядзе за імі. Усюды. І на кожным з пералічаных участкаў у бягучым палявым сезоне быў заўважны сваёй руплівасцю Аляксандр Сарнацкі.
На веснавой ніве кіраўніцтва ААТ «Жарабковічы» даручыла маладому механізатару выконваць адзін з самых дакладных падрадаў – сяўбу цукровых, а іх у гаспадарцы ледзь ці не тысяча гектараў, на кожным з якіх пакінуў вытворчы след малады механізатар. «Глыбіня» сельскагаспадарчага палявога сезона дыктуе і ступень пагружэння ў яго кожнага з аграрыяў. За сяўбой Аляксандр Сарнацкі адкрыў для сябе этап догляду за пасевамі. У тым ліку і збожжавымі, на ўборцы якіх працуе экіпаж «Ліды-1300». І тое, наколькі шчыльна запаўняюцца зараз збожжавыя бункеры ўборачных машын, відавочна, заслуга
і нашага героя.
Да таго, як уключыцца ў жніво, у спісе вытворчых падрадаў Аляксандра значылася корманарыхтоўка, вынікам якой сталі сотні тон перавезенай сянажнай масы. І іншае. А паралельна з усім тым даво-
дзілася знаходзіць час для падрыхтоўкі збожжаўборачнай машыны да жніва. Што ў выпадку з «Лідай-1300» з’яўляецца не такой ужо простай справай. Асаблівасць эксплуатацыі машыны і ў тым, што сёння камбайны такой маркі ўжо не вырабляюцца, адпаведна, узнікаюць складанасці з пошукам дэталяў, механізмаў і вузлоў камбайна.
– Наша «Ліда» размяняла ўжо два дзясяткі гадоў. Што гэта азначае для тэхнічна складанай машыны, якая кожны сезон эксплуатуецца на мяжы магчымасцей, прыкладна можна ўявіць. Некаторыя зношаныя механізмы падбіраем па падабенстве. Даводзіцца часам вырабляць літаральна з кавалка металапрофілю, – тлумачыць старшы камбайнер.
Варыянты могуць быць рознымі, але ж вынік заўсёды адзін: падрыхтаваць камбайн да выхаду ў поле атрымоўваецца заўсёды і ў патрэбныя тэрміны.
– Вось і сёлета ўсё зрабілі ў адпаведнасці з тэхрэгламентам. Але ў рэжыме рэальнай нагрузкі на ўборцы азімага ячменю здарылася нечаканая паломка, узнікла неабходнасць у правядзенні рамонту. Выручыла тое, што паміж уборкай азімага ячменю і наступнай па чарзе збожжавай культурай было каля тыдня ці дзесяці дзён перапынку. За час паўзы з рамонтам справіліся, разам з напарнікам Ільёй вярнулі «Ліду» на жніўнае поле, – расказвае камбайнер
ААТ «Жарабковічы» Аляксандр Сарнацкі.
У складзе лепшага па намалотах (на гэтым этапе ўборкі ў раёне) маладзёжнага экіпажу і камбайнер Ілья Палівода. У адрозненне ад старшага ў тандэме, які прыбывае ў Жарабковічы на работу з суседняга Нясвіжскага раёна, ён мясцовы, з вёскі Зарытава. Як расказаў загадчык рамонтна-механічных майстэрняў ААТ «Жарабковічы» Міхаіл Пятроўскі, да таго, як выйсці на жніво ў складзе экіпажа «Ліды-1300», Ілья працаваў слесарам РММ. Адвучыўся, «адкрыў» катэгорыі на права кіравання трактарнай тэхнікай і да кампаніі збожжаўборкі стаў адным з «нумароў» маладзёжнага камбайнавага экіпажа. Жніво-2023 для яго дэбютнае.Тым не менш, усё ў іх – старшага камбайнера Сарнацкага і камбайнера Паліводы – складваецца. Зярнятка да зярнятка – і ўжо цэлы бункер. А вага іх агульнага на жніве бункера складае ўжо каля 600 тон намалочанага збожжа.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.