Вясенні плюс у дарожных праблемах. Чаму павялічылася колькасць зваротаў на гарачую лінію «ЛВ»

Як толькі тэмпературны градус зафіксаваўся са знакам плюс, павялічылася і колькасць зваротаў на гарачую лінію «ЛВ». Землякі скардзяцца на стан дарог: «дарогу размыла», «машына вязне – не выехаць», «яма на яме». І такія каментарыі тычацца як гарадскіх, так і вясковых адрасоў. Вясна ўжо адчуваецца, а значыць і дарогі чакаюць вясенняга аднаўлення!

ДРБУ-200 з надыходам спрыяльных умоў надвор’я пачало дарожна-рамонтныя работы. Адрасы, дзе пакрыццё чакае абнаўлення, вядомыя: гучалі падчас сходаў па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння, а таксама на прамых лініях і прыёмах грамадзян, выяўлены пасля абследавання і г. д.
Па асобных адрасах пачалі праводзіцца работы па прафіляванні дарог з гравійным пакрыццём, праводзіцца і ўзбагачэнне пакрыцця дарог з дабаўленнем новага матэрыялу.
– Важна разумець, што першае прафіляванне выконваецца ранняй вясной для паляпшэння паверхневага водаадвядзення, паскарэння высыхання пакрыцця. Пасля заканчэння вільготнага перыяду зноў будуць прафілявацца дарогі для ліквідацыі дэфармацый і канчатковага выраўноўвання пакрыцця.  А ў летні час работы праводзяцца па меры неабходнасці. Вядома ж, з надыходам вясны дарогі значна пагоршыліся, дарожная служба імкнецца ўсё зрабіць у аптымальныя тэрміны і якасна. Адначасова прыйсці па ўсіх адрасах – немагчыма фізічна. Таму згодна з распрацаваным планам размеркаваны сілы па раёне, – адзначыла майстар ДРБУ-200 Анастасія Янкоўская.
Прафіляванне ўжо закранула дарогі Конькі – Федзюкі, Заполле – Мілавіды, Ляхавічы – Сваятычы, Альхоўцы – Завінне, Завінне – Вялікія Лукі, пад’езды да вёсак Кавалі, Зарэчча, Набярэжнай, Мыслабаж і іншых. Ямачны рамонт праведзены на дарогах Краглі –
Падлессе (работы будуць працягвацца), Ляхавічы – Сваятычы, Ляхавічы – Нача, пад’езд да г. Ляхавічы, Канюхі – Нача і г. д.
У аб’ектыў «ЛВ» у мінулую пятніцу трапіў працэс прафілявання дарогі Н-8 Боркі – Навасёлкі працягласцю 3,937 кіламетра.
Усяго ж Ляхавіцкім ДРБУ-200 абслугоўваецца 250 кіламетраў дарог з гравійным пакрыццём і 6 кіламетраў дарог з грунтавым палепшаным пакрыццём.
За гарадскія вуліцы ў асноўным у адказе камунгас. З зімы гарадскія вуліцы выйшлі разбітымі – камунгас стараецца згодна з планам дайсці да кожнай. Хутка ямачны рамонт дойдзе да вуліц Леніна, Чкалава, Камсамольскай і іншых. Зараз абнаўляецца вуліца Дзесюкевіча. Больш маштабныя работы пачнуцца ў красавіку. З набыццём асфальтабетоннай сумесі пад замену пойдуць больш вялікія ўчасткі дарог.

Рыта КРАСАВІЦКАЯ.
Фота аўтара і Сяргея ВАРАНОВІЧА.