Калейдаскоп метадычных ідэй. На Ляхавіччыне прайшоў раённы педагагічны фестываль

Творча-адукацыйны падарунак прэзентавалі да юбілею Ляхавіччыны педагогі раёна. 11 студзеня на базе СШ № 1 прайшоў раённы педагагічны фестываль «Калейдаскоп метадычных ідэй – 2025». Ініцыятарам і распрацоўшчыкам мерапрыемства стаў раённы вучэбна-метадычны кабінет аддзела па адукацыі райвыканкама.

– Упершыню праводзім такое мерапрыемства, і яно атры-
малася надзвычай маштабным. Удзел у ім узялі больш за
140 педагогаў – настаўнікі школ, педагогі спецыяльнай і дадатковай адукацыі. Змястоўна, захапляльна, рознабакова, крэатыўна арганізаваны кожны этап фестывалю. 20 педагогаў з 15 устаноў адукацыі за 30 секунд кожны зрабілі анонс сваіх метадычных ідэй і тым самым запрасілі калег на свае майстар-класы. Прычым, каб кожны жадаючы мог паназіраць за кожнай бліц-прэзентацыяй, разбілі гэты этап на дзве часткі. Было агучана нямала арыгінальных педагагічных ідэй. І ўвогуле фестываль падарыў безліч запамінальных момантаў, пра што сведчыць мноства водгукаў-«лайкаў», якія паставілі ўдзельнікі на імправізаванай дошцы падзякі. Нямала жадаючых было зафіксаваць моманты фестывалю, адзначыўшыся на фотазоне. Спадабаўся і розыгрыш прызоў. Спадзяёмся, што фестываль стане добрай традыцыяй, – расказвае загадчык раённага вучэбна-метадычнага кабінета аддзела па адукацыі райвыканкама Святлана Маргаева.
Заключным прыемным акордам фестывалю стала ўзнагароджанне. Начальнік аддзела па адукацыі Марыя Саракавік уручыла сертыфікаты ўдзельнікам мерапрыемства.

Галіна ЗАРЭЧНАЯ.