Сямейны хлеб. Не проста дуэт камбайнераў, а сямейны экіпаж працуе ў ААТ «Шлях новы»

Дастаткова нават нязначны час паназіраць за зладжанай працай гэтых маладых хлебаробаў, і адразу становіцца відавочна, што разумеюць яны адзін аднаго без слоў. Яны не проста дуэт камбайнераў, а сямейны экіпаж: старшы камбайнер 30-гадовы Аляксандр Камінскі і камбайнер 18-гадовы Яўгеній – родныя браты. За два месяцы жніва-2025 Аляксандр і Яўгеній сталі не толькі сапраўднымі героямі хлебнай нівы, але і зоркамі ЦікТоку.

З самага пачатку жніўнай кампаніі іх экіпаж – лідар сярод маладых камбайнераў на жніве, а таксама ўваходзіць у тройку лепшых сярод сямейных экіпажаў у раённым спаборніцтве. Гэта ў іх гонар – першых на Ляхавіччыне тысячнікаў, а потым двухтысячнікаў сярод маладзёжных экіпажаў – гучалі цёплыя словы віншаванняў, падзяка за добрасумленную адказную працу ад кіраўніцтва раёна і ААТ «Шлях новы», прафсаюзаў. Ім пажаданні новых працоўных перамог і падарункі – ад райкама ГА «БРСМ» у межах акцыі «Моладзь за ўраджай!». І, канешне, у гонар маладых камбайнераў на жніўным полі спявалі самадзейныя артысты.


І калі для старэйшага брата такая ўвага ўжо звыклая – яго «хвіліна» славы пачалася яшчэ на жніве-2024, пасля якога на абласных «Дажын-
ках» Аляксандр Камінскі прымаў заслужаныя ўзнагароды за трэцяе
месца ў абласным спаборніцтве на ўборцы збожжавых сярод маладых камбайнераў, то для Яўгенія жніўная кампанія гэтага года – першая ў якасці хлебароба. Хаця далёка не першая ў працоўнай біяграфіі. Юнак, які вучыцца ў Пружанскім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы, ужо некалькі сезонаў на практыцы засвойвае будучую прафесію ў вытворчых майстэрнях «Шляху новага». Так што дапамагае брату не толькі якасна малаціць збожжа, але пры неабходнасці і ў рамонце – правая рука. Малодшы вучыцца ў старэйшага і як працаваць, і як любіць справу, якой займаешся.
Браты Камінскія – прыклад таго, як гаспадарка клапоціцца пра кадравы патэнцыял, наколькі зацікаўлена, каб моладзь заставалася
працаваць у сельгаспрадпрыемстве. Яўгеній атрымлівае сярэднюю спецыяльную аграрную адукацыю па мэтавым накіраванні ад «Шляху новага», значыць, вернецца сюды маладым спецыялістам. Сям’і Аляксандра (разам з жонкай выхоўваюць дваіх дзяцей) выдзелілі «прэзідэнцкі» домік з усімі выгодамі ў аграгарадку Навасёлкі. Дарэчы, Аляксандр Камінскі па-за жнівом працуе ў гаспадарцы механізатарам і з’яўляецца разам з Яўгеніем прадаўжальнікам сямейнай дынастыі: бацька вопытны вадзіцель, маці да выхаду на заслужаны адпачынак шмат гадоў працавала аператарам машыннага даення.

Галіна КАНЬКО.