Дзяжурны на сувязі! 18 лістапада адзначаецца Дзень утварэння аператыўна-дзяжурных службаў органаў унутраных спраў

Аператыўна-дзяжурная служба РАУС – месца, куды сцякаюцца просьбы аб дапамозе, паведамленні пра злачынствы, скаргі на суседзяў і многае іншае.

– За суткі прымаем у сярэднім 12–15 выклікаў, колькасць якіх звычайна павялічваецца летам. З пачатку года ў АДС РАУС паступіла больш за 4 500 тэлефанаванняў. Апошнія два гады насельніцтва, у асноўным, звяртаецца з бытавымі праблемамі. Але нямала і званкоў, якія датычаць тэлефонных зламыснікаў. Апошні быў ад жанчыны, якой патэлефанавалі лжэсупрацоўнікі «Белтэлекама» і прапанавалі падоўжыць дагавор на аказанне паслуг. Ад яе патрабаваліся персанальныя даныя, але паведамляць іх ні ў якім разе нельга.
Па пашпартных і іншых звестках аферысты могуць узяць, напрыклад, мікрапазыку. Часам звароты носяць і даволі камічны характар. Але кожны раз, калі ў дзяжурцы звініць тэлефон, супрацоўнікі ўважліва, тактоўна і з прафесійнай ацэнкай выслухваюць і правяраюць паведамленне, – адзначае старшы аператыўны дзяжурны АДС Яўгеній Ражко. У праваахоўных органах ён 21 год, тры з іх на чале падраздзялення. Юрыдычная адукацыя і дыплом Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце дапамагаюць у выпрацоўцы тактыкі і прававой асновы дзеянняў. Калектыў АДС – каманда з дзевяці чалавек. Кожную раніцу ў АДС на вахту заступае штатны нарад з трох супрацоўнікаў, у складзе якога дзяжурны, яго памочнік і вадзіцель. Асноўная задача дзяжурнага – своечасовы прыём і рэгістрацыя інфармацыі і паведамленняў пра здарэнні, неадкладнае рэагаванне на іх.
– Самае складанае – працаваць з эмоцыямі людзей, – дзеліцца старшы інспектар-дзяжурны з 27-гадовым стажам у праваахоўнай сістэме Анатолій Чыкун і дадае, што калі чалавек тэлефануе ў паніцы, трэба за кароткі час супакоіць яго, зразумець сутнасць праблемы і аператыўна накіраваць дапамогу. У дзяжурцы Анатолій Чыкун нясе службу дзевяць гадоў, і кіраўніцтва яго характарызуе лаканічна і ёмка – прафесіянал, які зробіць усё магчымае для бяспекі землякоў. Амаль год назад перавёўся з Брэста ў Ляхавічы памочнік дзяжурнага Аляксандр Анікевіч. Сёлета ён адзначаны медалём за бездакорную службу III ступені. Летась рады калектыву папоўніў і памочнік дзяжурнага Кірыл Чабатар, сёлета – міліцыянер-вадзіцель Сяргей Азарчык. Часта менавіта ад прафесіяналізму вадзіцеля залежыць хуткасць прыбыцця на месца здарэння. Сяргей з калегамі стараюцца, каб гэты час быў мінімальным. Дзякуючы сучасным тэхналогіям і строгім стандартам, праваахоўныя органы забяспечваюць хуткае і эфектыўнае рэагаванне на любыя інцыдэнты. У памяшканні АДС устаноўлены манітор з данымі рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі, а праграма GPS-навігацыі дазваляе дзяжурнаму ўбачыць месцазнаходжанне нарада міліцыі. Калі, напрыклад, у райцэнтры нешта здараецца, і паступае адпаведны званок, то супрацоўнікі АДС у рэжыме рэальнага часу маюць магчымасць ацаніць сітуацыю і накіраваць патрэбныя службы.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА