Дарога будзе ўмацавана. У групу газеты ў «Аднакласніках» напісалі з вёскі Патапавічы Ляхавіцкага раёна

На гэты раз за дапамогай у раёнку звярнуліся зноў з-за дарожнай праблемы. У групу газеты ў «Аднакласніках» напісалі з вёскі Патапавічы, што вуліца Маладзёжная ніяк не можа дачакацца добраўпарадкавання. Напісанае суправаджала і фотапацвярджэнне, на якім вясковая дарога гразкая і з вялікімі лужынамі.

БЫЛО ТАК

Аўтар паскардзіўся, што пра праблему ведаюць многія службы, якія прыязджалі на месца і абяцалі засыпаць ямы ад язды сельгасмашын. Дарэчы, для такіх машын ёсць аб’язная дарога, адзначае заяўнік.
Карэспандэнт «ЛВ» звярнуўся за каментарыем у адказныя службы.
Галоўны інжынер ДРБУ-200 Яўгеній Занько расказаў, што пра праблему дарожнікі ведаюць і па запытах насельніцтва пра-
водзяць прафіляванне дарогі. Апошні раз грэйдзіраванне было ў верасні. Але, як паказала жыццё, гэтыя меры маюць толькі кароткачасовы вынік. Галоўны інжынер і майстар па ўтрыманні дарог ДРБУ-200 пасля размовы з журналістам «ЛВ» выехалі ў Патапа-
вічы. Дзеля выпраўлення сітуацыі прынята рашэнне ў бліжэйшы час умацаваць праезную частку шчэбнева-гравійнай сумессю.
Другой часткай праблемы значылася ўхіленне дзіркі ў дарозе. Яўгеній Занько патлумачыў, што яна ўтварылася з-за цяжару вялікагрузнай тэхнікі, якая праламала азбестацэментную трубу.

Па словах дарожнікаў, у бліжэйшы час адтуліна будзе ліквідавана.
Што датычыць закрыцця праезду па вуліцы Маладзёжнай у Патапавічах для сельгастэхнікі і накіравання транспарту па аб’язным шляху, то гэта немагчыма, падкрэсліў начальнік АДАІ Ляхавіцкага РАУС Яўгеній Вайшэвіч. Супрацоўнікі АДАІ сітуацыю вывучалі і прыйшлі да высновы, што аб’язная дарога з-за ўмоў надвор’я, асабліва ў дажджлівы перыяд, не прызначана для праезду цяжкай па вазе сельгастэхнікі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

СТАЛА ТАК