Чаму на дзіцячай пляцоўцы не месца. Жыхары дома па завулку Южакова ў Ляхавічах пацікавіліся, як можна было паставіць туалет на дзіцячай пляцоўцы

Праз «ЛВ» жыхары шматкватэрнай забудовы па завулку Южакова
адрасавалі кіраўніцтву камунгаса пытанне па тэме санітарнай бяспекі: як можна было паставіць туалет на дзіцячай пляцоўцы.
Сапраўды, кабінка ўстаноўлена на дваровай тэрыторыі дома
№ 5А па завулку Южакова ў райцэнтры, дзе разгорнута будаўнічая пляцоўка. І на самай справе ў некалькіх метрах ад туалета – дзіцячая пляцоўка, лаўка. Дарослым і дзецям, якія прыходзяць сюды адпачыць, даводзіцца дыхаць далёка не свежым паветрам.
– Капітальны рамонт шматкватэрніка па ўказаным адрасе вядзе падрадчык – будаўнічая арганізацыя з Бабруйска, якая і ўстанавіла санвузел для сваіх работнікаў на будаўнічай пляцоўцы. Дадзена рэкамендацыя пераставіць туалет у іншае месца, якое адпавядае санітарным нормам і правілам, – адзначыў дырэктар камунгаса Андрэй Чайкоўскі.
Зразумела, будаўнікам патрэбны зручнасці. Але відавочна і тое, што не за кошт нязручнасцяў для іншых.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

