«Александрыя» аб’ядноўвае традыцыі і сэрцы. Што прадставілі гасцям свята майстры з Ляхавіччыны?
На маляўнічым беразе Дняпра творча і з размахам прайшло рэспубліканскае свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў»). Мерапрыемства, якое сёлета праводзілася ў 17-ы раз, сабрала тысячы людзей з розных краін свету. Пра маштабнасць, значнасць і папулярнасць мерапрыемства гаворыць той факт, што, як заўжды, у сваім напружаным графіку знаходзіць час, каб пабываць на святкаванні Купалля ў Александрыі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
І ў 2026-м годзе «Купалле» стала святам, якое аб’ядноўвае традыцыі і сэрцы. Кожная тэматычная пляцоўка, яркія лакацыі, разнапланавыя выставы, сустрэчы, як і гала-канцэрт былі напоўнены запамінальнымі момантамі. У Год
беларускай жанчыны сімвалам рэспубліканскага свята
«Купалле» ў Александрыі стала Берагіня, менавіта гэтаму міфалагічнаму вобразу, які ўвасабляе жаночы пачатак, абарону і магічную сілу прыроды, былі прысвечаны разнастайныя
выставы, канцэрты.
На Шклоўшчыне «засвяціліся» і ляхавічане. Разам з іншымі прадстаўнікамі Брэстчыны нашы зямлячкі – народныя майстры Лідзія Курловіч са Свяціцкага СДК, Святлана Страмавус з Адахаўшчынскага дома народнай творчасці, а таксама Людміла Казлоўская з Дараўскага дома рамёстваў прадставілі на выставе свае вырабы.
– Мела гонар трэці раз удзельнічаць у такім грандыёзным свяце. Кожны раз застаецца безліч уражанняў, як і новых ідэй і задумак. І сёлета тут панавала атмасфера творчасці, было гарманічна, маштабна, перапляліся старажытныя славянскія традыцыі і прыгажосць сучаснай беларускай культуры. А вакол усе такія добразычлівыя, ветлівыя. Стомленасць ад доўгай дарогі перакрылі яскравыя ўражанні, – дзеліцца Святлана Страмавус і дадае, што марыць пабываць на «Александрыі» і ў наступным годзе.
Галіна КАНЬКО.




