Хлебны сезон са знакам плюс. Раслінаводчы сезон – 2026 у Ляхавіцкім раёне працягваецца, работы ў палях не прыпыняюцца ні на хвіліну, працягваюцца ў рэжыме нон-стоп
Жніво ў гаспадарках Ляхавіцкага раёна можна лічыць завершаным. «На пні» застаюцца палі з асабліва цеплалюбівымі просам і грэчкай. Таксама аграрыям належыць сабраць вырашчанае зерне кукурузы, што, канешне ж, адчувальна павялічыць хлебны вал раёна. Аднак ужо на гэтым этапе раслінаводчага сезона можна гаварыць пра яго паспяховасць, спрацоўку ў плюс у параўнанні з мінулым. Але ж раслінаводчы сезон – 2026 працягваецца, работы ў палях не прыпыняюцца ні на хвіліну, працягваюцца ў рэжыме нон-стоп. Пра што, у тым ліку, расказала напярэдадні раённага свята працаўнікоў вёскі «Дажынкі» намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Наталля Грынкевіч.

– Упэўнена, што словы пра асаблівую складанасць першых некалькіх пасляжніў-ных тыдняў года не адгукнуцца ў асяродку маіх калег-аграрыяў нязгодай. Жніво – адказнейшы перыяд, да якога працаўнікі вёскі мэтанакіравана рыхтуюцца на працягу ўсяго года. «Песцяць» палі, рыхтуюць тэхніку, канцэнтруюць сілы і сродкі, каб у пэўны момант, на працягу прыкладна паўтарамесячнага часу паказаць сябе ў плане прафесіяналізму, дысцыплінаванасці, аператыўнасці вырашэння задач павышанай інтэнсіўнасці.
Аднак за жнівом адзначаецца, лічу, самы складаны перыяд у жыцці сельгаспрацаўніка. У прыватнасці, той яго часткі, чыя работа «завязана» на полі. Складанасць заключаецца ў бяс-концым вале палявых работ. І кожная з іх мае тэрміновую «прывязку», патрабуе ашчаднасці падыходаў, належнасці выканання і задзейнічання значнай колькасці спецыялістаў самага рознага профілю. Перш чым сабраць салому з пажніўных палеткаў, неабходна яе спрасаваць, пагрузіць і звезці да месцаў складзіравання. Тым самым адкрыць шлях для падрыхтоўкі палёў пад закладку асноў будучага ўраджаю. А гэта азначае правесці вапнаванне кіслых участкаў палёў, выканаць ворыўныя работы на вельмі значных гектарах палёў, унесці ў раллю тоны некаторых відаў мінеральных удабрэнняў. І як завяршальны штрых – сяўба азімай групы збожжавых. Пры гэтым не варта забывацца на той факт, што працягваецца другая ўборка шматгадовых траў, асобныя гаспадаркі прыступілі да трэцяй касавіцы. У бліжэйшых планах значыцца «кукурузная» эпапея, прадпрыемствы-буракаводы плануюць ужо ў апошні дзень каляндарнага лета выйсці на камбайнаванне салодкага кораня. А любы адклад, як ведаем, ідзе ў наклад. І асабліва дзейсна гэта правіла адлюстроўваецца на сельскай гаспадарцы.
Бягучы год для раслінаводаў Ляхавіч-чыны можна назваць выпрабавальным. Першыя дні-тыдні жніва складваліся вельмі няпроста, частыя дажджы правакавалі моцна рваны ход уборачных работ, ускладнялі жніво на ўсіх яго этапах, вымушалі працаваць выключна з аглядкай на «мокры» стан надвор’я, разганяць зернесушыльныя комплексы на максімальныя абароты і рэжымы сушкі. Усе справіліся, за што кожнаму хлебаробу наша шчырая падзяка, віншаванні з паспяховым завяршэннем адказнейшага этапу работ.
Жніво-2026 на Ляхавіччыне атрымалася на ўзроўні паспяховасці мінулага года. І з пазіцыі прадукцыйнасці асобнага хлебнага гектара, і ў плане велічыні агульнараённага караваю. Аднак асобнага слова і найлепшага прысвячэння заслугоўваюць раённыя рапсавытворцы. Тут мы можам гаварыць пра своесаблівыя пікавыя дасягненні, выхад на лепшыя ў Брэсцкай вобласці паказчыкі ўраджайнасці гэтай сельгас-культуры. Вельмі важнай, якая апроч таго, што з’яўляецца каштоўным алейна-харчовым складнікам, уяўляе высокую экспартную цікавасць, бялкова-кармавую каштоўнасць для жывёлагадоўлі.
Кожны сярэдні раённы гектар крыжакветнай культуры аддзячыў сваіх вытворцаў 44,8 цэнтнера алейнага насення, што больш мінулагодняга паказчыка амаль на 16 цэнтнераў. Пры гэтым сярэдні абласны гектар даў 32,6 і прыбавіў 6,5 цэнтнера.
Яшчэ вышэй крочылі вытворцы рапсавага насення з ААТ «Шлях новы» і «Жарабковічы», дзе ўраджай-насць выйшла на ўзровень больш як паўсотні цэнтнераў на круг. Ганарымся прафесіяналізмам, дзякуем за працу на карысць арганізацыі, раёна, вобласці, дзяржавы. Так трымаць!
Раён ужо адсеяўся азімым рапсам.
У 2027-м яго плошчы некалькі павялічацца, складуць каля 5 тысяч гектараў, якія, спадзяёмся, атрымаюцца не менш прадукцыйнымі за сёлетнія. З кожным годам Ляхавіцкі раён «узбіваецца» на нешта новае ў плане сельгасвытворчасці. Апошнія збожжа-ўборачныя камбайны айчыннай вытворчасці не саступаюць лепшым узорам сусветнага машынабудавання, дазваляюць за ўборку дасягнуць больш як чатырохтысячных намалотаў. Прыклад экіпажа Георгія Жука і Аляксандра Пронькі з «Жарабковічаў» з’яўляецца найлепшым і першым у вобласці таму пацвярджэннем.
У гэтым годзе ў раёне стартуе кампанія па лічбавізацыі сельскагаспадарчых палёў. Базавай гаспадаркай на гэтым клапатлівым і дастаткова працяглым шляху выступяць тыя ж «Жарабковічы» – самая буйная і адна з самых высокапрадукцыйных сельгасарганізацый нашага раёна.
Пажадаем адказным за работу спецыялістам выйсці і на гэтым «палетку» на фірменную ўраджайнасць.
Запісаў Іван КАВАЛЕНКА.

