ЭкаЛАГІЧНЫЯ мысліцелі

Навукова-практычная вучнёўская канферэнцыя “З навукай у будучыню” традыцыйна праводзіцца на пачатку вясны. Папярэдні вопыт вучэбна-даследчай дзейнасці стаў базай для распрацоўкі новых падыходаў развіцця і засваення інавацыйных тэхналогій, накіраваных на змяненне характару адукацыі. Удзел у падобных мерапрыемствах фарміруе ў школьнікаў цікавасць не толькі да агульнаадукацыйных прадметаў, але і да ўсяго навакольнага свету.
Сёлета 5-я канферэнцыя юных даследчыкаў адбылася на базе гімназіі. Вучні з 9 устаноў адукацыі Ляхавіччыны абаранілі 28 вучэбна-даследчых работ па 14 напрамках у 4 секцыях: філалагічнай, фізіка-матэматычнай, гісторыка-грамадазнаўчай і краязнаўчай, прыродазнаўчай.
Юныя навукоўцы абмяркоўвалі не толькі вузкапрадметныя праблемы, але і звярталіся да агульнасацыяльных тэм. Напрыклад, рабяты аналізавалі карыснасць пластыкавых вокнаў, даследавалі, якія пароды дрэў найбольш падыходзяць для ацяплення жылых дамоў, вывучалі пытанні ўздзеяння аўтамабільнага транспарту на стан паветра ў раёне гімназіі, экалагічны стан вады ў рацэ Ведзьма і г. д.
Журы вызначыла пераможцаў ва ўсіх секцыях. Дыпломы І ступені атрымалі 8-класніца гімназіі Кацярына Максімчык (кіраўнік Марына Півавар), 9-класнік Ліпскай САШ Дзмітрый Мішкевіч (кіраўнік Пётр Юркавец), 11-класнік Малагарадзішчанскага ДС-САШ Аляксандр Патоцкі (кіраўнік Аляксандр Касабуцкі), 8-класніца Востраўскай САШ Вольга Сельмановіч (кіраўнік Таццяна Котава), 8-класнік гімназіі Антон Краўцэвіч (кіраўнік Людміла Раманенка), 9-класнік САШ № 2 Антон Доруш (кіраўнік Алена Клімовіч). Шэраг юных даследчыкаў адзначаны дыпломамі ІІ і ІІІ ступеняў.
Лепшыя даследаванні будуць прадстаўлены на абласной навукова-практычнай канферэнцыі.
Таццяна ЗУБІК, метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *