Дзіцячыя пытанні для дарослых
Трэцяя частка з 5494 жыхароў Ляхавіцкага раёна ва ўзросце да 18 гадоў – абсалютна здаровыя і ўваходзяць у І групу здароўя. Да ІІ адносяцца 53 працэнты, ІІІ – 15 працэнтаў, ІV (дзеці-інваліды) –1,5 працэнта. Часцей у нашых дзяцей выяўляюцца хваробы органаў дыхання, стрававання, вачэй, эндакрыннай сістэмы. Поўнасцю ўкамплектаваны штат педыятраў. У абавязковым парадку праводзіцца штогадовая дыспансерызацыя падрастаючага пакалення, што дазваляе выяўляць паталогію ці схільнасць да захворванняў на ранніх стадыях, калі можна папярэдзіць ці не дапусціць перарастання ў хранічную форму.
Гэтыя факты агучыла на пасяджэнні савета па дэмаграфічнай бяспецы раённы педыятр Інэса Драздовіч.
У раёне актыўна выкарыстоўваецца ў дыягностыцы, у тым ліку гэта датычыць і дзяцей, надзвычай інфарматыўнае ўльтрагукавое даследаванне. УЗІ органаў брушной поласці, шчытападобнай залозы, па паказаннях – сэрца прайшлі ўсе дзеці і падлеткі ва ўзросце 15 гадоў. Адной з перадумоў распаўсюджанасці захворвання органаў стрававання Інэса Драздовіч назвала праблемы з зубамі ў дзяцей. На жаль, сёння ў школах няма стаматалагічных кабінетаў. Цяпер яны нават не на кожным ФАПе. Па-ранейшаму не заўсёды ёсць талончыкі на прыём да стаматолага ў паліклініцы, нават на платнай аснове. Узняла раённы педыятр і яшчэ адну надзённую праблему – у гімназіі адсутнічае кабінет для правядзення прышчэпак, вучняў возяць на імунізацыю ў бальніцу.
Намеснік старшыні рай-выканкама Дзіяна Трысцень звярнула ўвагу на неабходнасць не толькі медыцынскага нагляду, але і на ранняе выяўленне сацыяльнай неўладкаванасці, калі такая мае месца. Неабходны намаганні ўсіх зацікаўленых службаў. Пры гэтым не змяншаецца адказнасць бацькоў за выхаванне сваіх дзяцей, у тым ліку за захаванне іх здароўя.
На пасяджэнні закранулі пытанне міграцыі насельніцтва раёна. Увогуле за 9 месяцаў у нас міграцыйны мінус – 150 чалавек. Сёлета на Ляхавіччыну прыехалі 352 замежных грамадзяніна, 36 з іх атрымалі дазвол на пастаяннае пражыванне, 82 – на часовае. Як паведаміў інспектар аддзялення па грамадзянстве і міграцыі РАУС Юрый Дзямід, з пачатку года 26 замежным грамадзянам выдадзены дазвол на часовае пражыванне ў сувязі з працаўладкаваннем іх на работу на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна. Дарэчы, 4 службовыя асобы і 31 іншаземец прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне міграцыйнага заканадаўства, 18 нашых землякоў заплацілі штрафы за прадастаўленне жылля замежным грамадзянам з парушэннем устаноўленых правілаў.
Галіна КАНЬКО.