Адкрыты ўрок кааператараў. Івацэвіцкае, Бярозаўскае, Іванаўскае райпо паказалі, на што здатная спажыўкааперацыя

Падчас прэс-канферэнцыі

Брэсцкая вобласць у рэйтынгу рэгіёнаў па ўзроўні гандлю і грамадскага харчавання ў параўнанні з мінулым годам паднялася за студзень на 4 пазіцыі і пасля Мінска заняла ў краіне другое месца. Аблспажыўсаюз вырабляе практычна чвэрць аб’ёмаў прадукцыі ўсёй сістэмы Белспажыўкааперацыі. У тым ліку і пра гэта ішла размова на семінары, што абласное спажывецкае таварыства арганізавала для прадстаўнікоў СМІ. На мінулым тыдні журналісты пазнаёміліся з работай лепшых прамысловых і гандлёвых прадпрыемстваў спажыўкааперацыі Брэстчыны, з задачамі, якія стаяць перад кааператарамі, і з іх дасягненнямі.

Гасцінна і хлебасольна сустракалі журналісцкі дэсант работнікі Івацэвіцкага раённага спажывецкага таварыства. Мясцовым кааператарам ёсць чым пахваліцца. Сумелі не толькі захаваць усё тое добрае, што мелі, але і ўкаранілі новае – запатрабаванае і перспектыўнае. Акрамя вытворчасці прадуктаў харчавання і безалкагольных напіткаў, тут займаюцца вырабам вокнаў і дзвярэй з ПВХ, цвікоў, швейных і плёначных вырабаў і іншага. Гасцям паказалі цэхі, у якіх выпякаюць хлеб, выпускаюць напітак (яго разліваюць у бутэлькі таксама мясцовай вытворчасці), каўбасу, засольваюць-квасяць агародніну. Гаспадарскі падыход дазваляе івацэвіцкім кааператарам працаваць рэнтабельна, устойліва адчуваць сябе на рынку. Тутэйшы райспажыўсаюз – гэта яшчэ і больш за 1300 працоўных месцаў, падаткі ў бюджэт.

Брэсцкі абласны саюз спажывецкіх таварыстваў для паляпшэння якасці і даступнасці паслуг для жыхароў маланаселеных вёсак плануе пашырыць аўтапарк. Да сённяшніх 79 аўталавак, што калясяць у рэгіёне па больш як тысячы населеных пунктах, плануецца закупіць яшчэ 6 аўтамагазінаў у 6 раёнаў. У сярэднім кожны магазін на колах абслугоўвае жыхароў 15 вёсак. На прыкладзе Івацэвіцкага раёна ўдзельнікі абласнога семінара пазнаёміліся з асаблівасцямі работы магазіна на колах. Уражанні – самыя лепшыя, таму што справа арганізавана выдатна.

Наступным прыпынкам на маршруце семінара стала гандлёвая сетка Бярозаўскага райпо. Пад дахам гандлёвага комплексу “Паўночны” ў райцэнтры, што расчыніў дзверы напрыканцы 2014 года, размясціліся ўніверсам “Родны кут”, “Піцэрыя” (піцу, дарэчы, можна заказаць і на дом) і іншыя аб’екты. Прадаўцы стараюцца прывабіць пакупніка не толькі таварамі на любы густ, але і зручнай выкладкай, разнастайнымі акцыямі, якасным абслугоўваннем.

Работу магазіна № 10 і “Мясной лаўкі” (размова – пра Бярозу) можна ахарактарызаваць лаканічна: прафесіяналы. Бярозаўцы не выходзяць адтуль з пустымі рукамі. Карыстаецца папулярнасцю кафэ “Стары горад”, дзе смачна накормяць ва ўтульнай абстаноўцы. Уразілі інтэр’ер, стравы і абслугоўванне ў рэстаране “Бяроза”.

Паглядзець, як працуюць сельскія магазіны райпо, журналісты завіталі ў Міжлессе Бярозаўскага раёна, затым – у вёску Нямержа Драгічынскага. Насычанасць таварамі тут не горшая, чым у гарадскіх гандлёвых кропках. Як заўважыў старшыня праўлення аблспажыўсаюза Леанід Янковіч, у сістэме спажывецкай кааперацыі гандаль займае 85 працэнтаў. Дарэчы, некалькі гадоў назад было прынята рашэнне ўсе гандлёвыя кропкі спажыўкааперацыі аб’яднаць брэндам “Родны кут”.

Іванаўскі ўніверсам прадэманстраваў увесь спектр прадукцыі, што вырабляе тутэйшае райпо. Гэта мінеральная вада “Марыля” і іншыя безалкагольныя напіткі, разнастайныя кандытарскія вырабы, замарожаныя агародніна і ягады… Аб’екты грамадскага харчавання “Кафейня” і “Галактыка” ўмеюць здзівіць наведвальнікаў, па колькасці якіх бачна, што гэтыя кропкі ў іванаўцаў карыстаюцца вялікай папулярнасцю.

Завяршыўся семінар прэс-канферэнцыяй, у якой прынялі ўдзел першы намеснік старшыні аблвыканкама Андрэй Клец, старшыні райпо. Прадстаўнікам СМІ быў прадэманстраваны фільм пра дзейнасць аблспажыўсаюза. Пытанні, якія ўзнімалі журналісты, датычыліся лёсу вясковых магазінаў і невыкарыстоўваемых аб’ектаў гандлю, аб’ёмаў экспарту і вырашэння фінансавых праблем райпо, развіцця магазінаў крокавай даступнасці і ўзаемавыгаднага ўзаемадзеяння са СМІ і г.д.

Леанід Янковіч падкрэсліў, што спажыўкааперацыя – многагаліновая сфера, у якой ёсць магчымасць пры неабходнасці перайсці на самазабеспячэнне. Ланцужок пачынаецца з нарыхтоўкі сыравіны, працягваецца ў вытворчасці, на выхадзе – якасны тавар, якому, тым не менш, патрабуецца актыўнае прасоўванне і правільны маркетынг. Менавіта гэта дэманструе прыклад Івацэвіцкага, Бярозаўскага (яны ўваходзяць у пяцёрку лепшых у вобласці) і Іванаўскага райпо, якія маюць свой адметны “твар”, што выгадна выдзяляе іх. Не дазваляюць, на жаль, гэта адрасаваць Ляхавіцкаму райпо многія акалічнасці, у тым ліку, не заўсёды эфектыўна задзейнічаныя гандлёвыя плошчы, небагаты асартымент тавараў і паслуг, няма той фішкі, якая б вылучала яго сярод іншых. Першы намеснік старшыні праўлення аблспажыўсаюза Таццяна Чэрапава назвала пяцёрку лепшых і пяцёрку слабейшых райпо. Наша прагучала ў апошняй групе…

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота аўтара.

Напіткі і ...

...саленні ад Івацэвіцкага райпо

Рэстаран у Бярозе

Іванаўскі ўніверсам

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *