Асенні крос

Увогуле ж, месцам правядзення лёгкаатлетычнага кросу можа стаць амаль што любая прыродная лакацыя. І чым складаней траса, тым большыя патрабаванні да бегуноў. У плане агульнай вынослівасці, тактыкі дзеянняў, тэхнікі перамяшчэння. Азы апошняй, дарэчы, не надта адрозніваюцца ад «стадыённай» тэхнікі бегу. Але, як правіла, мяняюцца ў залежнасці ад спецыфікі адрэзка дыстанцыі. Нямала складанасцяў, перашкод рознага характару ўтрымлівала траса нядаўняга асенняга чэмпіянату і першынства Рэспублікі Беларусь па лёгкаатлетычным кросе на прызы «Народнай газеты».
Вясенні рэспубліканскі крос – гэта май і Наваполацк, асенні –  размаляваны ў колерах лістапада парк актыўнага адпачынку «Каробчыцкі алімп», што паблізу Гродна. Важна і значна, што за перыпетыямі барацьбы на дыстанцыях назіралі кіраўнік рэспубліканскай лёгкаатлетычнай федэрацыі Вадзім Дзевятоўскі і галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Ігар Сівадзедаў. Стартавалі ж толькі лепшыя: юнакі і дзяўчаты, юніёры і юніёркі, моладзь, чый узрост не перавышае 23 гады, і дарослыя атлеты. Адпаведна і кросавыя адрэзкі – ад кіламетра да васьмі. Удзельніцкая квота жорстка абмежавана – вобласці і горад Мінск маглі «заявіць» не больш за 3 чалавекі на кожную з дыстанцый.
Каманду Брэстчыны фар-міравалі ў тым ліку і спартсмены з Ляхавіч. Адзінаццацікласніца СШ №1 Таццяна Смірнова выступала на 3-кіламетровай дыстанцыі. І ва ўпартай барацьбе, з невялікім адставаннем ад трэцяга прызёра замкнула шасцёрку лепшых. Вынік Таццяны –  11 мінут 21 секунда.
Дзмітрыю Равінскаму, які сёлета скончыў абласное вучылішча алімпійскага рэзерву і стаў дыпламаваным трэнерам,
19 гадоў. Гэта катэгорыя юніёраў, для якіх была падрыхтавана 6-кіламетровая дыстанцыя. Яе Дзіма пераадолеў за 19 мінут    8 секунд. І гэта сярэбраны вынік спаборніцтваў. У цэлым, выступленне лёгкаатлетаў нашай вобласці на гэты раз паспяховым не стала – толькі пяты камандны вынік.
Быў яшчэ Дзмітрый Бацечка. Зараз студэнт Беларускага ўніверсітэта фізкультуры «прынёс» сталічнай дружыне шостае месца на 8-кіламетровай дыстанцыі.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *