Ляхавіцкія айбаліты спяшаюцца на дапамогу
У чэрвені калегія Мінсельгасхарчу падвяла вынікі рэспубліканскага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі ў 2011 годзе. Пераможцы вызначаны ў шэрагу намінацый. Сярод ветэрынарных станцый роўных не было Ляхавіцкай раённай ветэрынарнай станцыі. Дарэчы, гэта перамога для мясцовых айбалітаў далёка не першая, і, калі справы будуць і далей ісці ў такім жа накірунку, то, напэўна, і не апошняя.
Такое прызнанне на рэспубліканскім узроўні важнае і важкае для ўсяго зладжанага, згуртаванага і прафесійнага калектыву ветстанцыі (зараз ва ўстанове больш за 50 чалавек), які шмат гадоў узначальвае вопытны спецыяліст Павел Сіцько. Пра кожнага з калектыву можна смела сказаць — працаўнік на сваім месцы, любіць работу, паважае калег, імкнецца да самаўдасканалення і хвалюецца за агульную справу. Адсюль і перамогі ў разнастайных конкурсах прафесійнага майстэрства. Штогод сярод пераможцаў раённага конкурсу «Лепшы па прафесіі» ёсць і супрацоўнікі райветстанцыі.
Ветэрынарная служба раёна ў адказе за лячэнне і прафілактыку хвароб жывёл, арганізацыю і правядзенне лабараторна-дыягнастычных даследаванняў. Яны ў адказе за ветэрынарна-санітарную якасць прадуктаў жывёльнага паходжання, а значыць — за здароўе людзей.
Тэрапеўты, хірургі, вірусолагі, бактэрыёлагі, біяхімікі — не поўны пералік спецыяльнасцяў, якімі валодаюць тутэйшыя ветэрынары — заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу: праводзяць імунізацыю, распрацоўваюць новыя лекі і дабаўкі для кармоў. Мэтанакіраваная, штодзённая работа кіпіць ва ўсіх падраздзяленнях: 5-ці ўчастковых ветлячэбніцах, лабараторыях.
Роля і значэнне ветэрынарнай медыцыны вызначана ў вядомым выказванні: «Чалавечая медыцына ахоўвае чалавека, ветэрынарная медыцына аберагае чалавецтва». Яно з’яўляецца вызначальным у дзеянні калектыву райветстанцыі.
Галіна КАНЬКО
Молодцы, что уж тут сказать! И фото веселое )) Надо внести предложения разработчикам adobe photoshop по внесению функции «Убрать закрытые глаза» (p.s. ну эт в шутку, не примите за критику).