А навічкоў у жніўні лічаць. Маладыя спецыялісты прыступілі да працы ў Ляхавіцкім раёне

Умайра Курак і Валерыя Лазарчук.

Галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама Таццяна Зубік не хавае радасці:
– Як жа мы чакалі матэматыкаў! І вось сёлета ажно чатыры ўчарашнія выпускнікі ВНУ размеркаваліся ў раён.
Юлія Шухно праз некалькі дзён упершыню прыйдзе ў сваю родную гімназію, але ўжо не ў якасці вучаніцы, а настаўніцай матэматыкі. Дарэчы, сярэдні бал дыплома ў выпускніцы Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пушкіна – 9,1.
Усяго ў гарадскія і сельскія школы, дзіцячыя садкі, пазашкольныя ўстановы раёна прыбылі 18 маладых спецыялістаў. Іх працоўная біяграфія пачнецца 15 жніўня. А на традыцыйнай жнівеньскай педагагічнай канферэнцыі іх урачыста прымуць у дружную настаўніцкую сям’ю Ляхавіччыны.
Колішні выпускнік Свяціцкай СШ Аляксей Бураў будзе выкладчыкам фізкультуры ў Тухавіцкай СШ, ляхавічанкі Крысціна Давідоўская і Юлія Саган – выхавальніцамі ў дзіцячым садку № 3 і Задворскім адпаведна, Дар’я Трафімчук прыйдзе працаваць настаўнікам-дэфектолагам у цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.
Унушальны сёлета яшчэ адзін профільны дэсант – біёлага-хімічны. Выкладаць прыродазнаўчыя дысцыпліны ўчарашнія студэнты будуць у Тухавіцкай і Навасёлкаўскай СШ, Малагарадзішчанскім і Дараўскім ДС-СШ.
У Ліпскай школе новы настаўнік беларускай мовы і літаратуры, у Востраўскай – фізікі, СШ № 2 – фізкультуры, Тухавіцкай СШ – пачатковых класаў.
У гэты час хапае клопатаў і ў аддзеле кадраў райбальніцы. Сёлета ў медыцынскіх радах істотнае папаўненне: 11 урачоў і столькі ж фельчараў, медсясцёр, лабарантаў плюс інжынер-электронік.
Умайра Курак – адна з навічкоў, яна і яе калега размеркаваны ўрачамі ў жаночую кансультацыю.
– 1 жніўня стала маім першым працоўным днём. Хвалявалася і хвалююся. Але спадзяюся, усё атрымаецца, бо прафесію выбірала свядома. Побач надзейная падтрымка – муж Андрэй працуе ўрачом у рэанімацыйным аддзяленні райбальніцы, – расказвае акушэр-гінеколаг Умайра Курак.
Ёсць маладое папаўненне ў Крывошынскай участковай бальніцы: сюды размеркаваліся ўрач і памочнік урача па амбулаторна-паліклінічнай рабоце.
Амбулаторыю ў Крывошыне ўзначаліў Арцём Кабушка, а Ліпскую – яго жонка Валерыя. Нельга не згадаць і кадравы прыток у Падлескую і Дараўскую ўрачэбныя амбулаторыі, куды прыйшлі маладыя медсёстры і акушэркі.
Нарэшце ўкамплектаваны ўрачамі амбулаторыі ўрача агульнай практыкі ў Ганчарах і Начы.
У сёлетнім медыцынскім папаўненні нямала мясцовай моладзі. Напрыклад, Начаўскую амбулаторыю ўзначаліла ляхавічанка Алена Мардвінава. На сваю малую радзіму прыехаў пасля вучобы працаваць хірургам Аляксандр Шабановіч (таксама ляхавічанін), медсястрой у неўралагічным аддзяленні працуе цяпер Кацярына Валчок з Кулікоў, у педыятрычным – ляхавічанка Анастасія Саўчук, памочнікам урача ў Крывошынскай участковай бальніцы будзе Ганна Бурчыц са Шчэрбава. Яшчэ адна ляхавічанка Ірына Сайко прыйшла фельчарам у аддзяленне хуткай дапамогі.
– Пасля першага тыдня самастойнай працы сцвярджаю: цікава, складана, адказна. Тэорыя, практыка – гэта адно, а праца – зусім іншае. Работы шмат, знаёмлюся з тутэйшымі людзьмі. Сама вясковая, пакуль жыву дома ў Гаслаўшчыне, – дзеліцца ўражаннямі выпускніца Пінскага дзяржаўнага медкаледжа, а цяпер загадчыца Галаўнінскага ФАПа Юлія Шнайдзер.
Што датычыць «культурнага» папаўнення, яно сціплае, усяго тры маладыя спецыялісты: два размеркаваны на работу ў дзіцячую школу мастацтваў, адзін – у ГДК. Аднак галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Клімовіч у кадравую будучыню глядзіць з аптымізмам. І прычыны для гэтага ёсць: чацвёра сёлетніх выпускнікоў школ раёна паступілі ў ВНУ і ССНУ па мэтавых накіраваннях. Значыць, праз некалькі гадоў вернуцца ў свой раён сейбітамі культуры.
Бясспрэчна, для маладых кадраў, акрамя першага месца працы, створаных там умоў, заработнай платы, не менш важна, як вырашаецца іх жыллёвае пытанне. Па-добраму можна пазайздросціць папаўненню ляхавіцкіх медыкаў. Частка навічкоў атрымае пакоі ў бальнічным інтэрнаце, некаторым будуць штомесячна даплачваць па дзве базавыя велічыні на разлікі за арэнднае жыллё.
Ці стане першае месца працы пастаянным – пакажа час.
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.

One thought on “А навічкоў у жніўні лічаць. Маладыя спецыялісты прыступілі да працы ў Ляхавіцкім раёне

  • 16/08/2018 в 22:55
    Permalink

    Цікава пазнаёміцца з новымі кадрамі. Галоўнае зараз, каб замацаваліся ў раёне. Удачы!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *