Экзамен на прафмайстэрства. У Ляхавічах прайшлі адборачныя спаборніцтвы сярод калектываў аварыйных службаў ВУ “Баранавічыгаз”


Днямі наш райцэнтр стаў месцам правядзення адборачных выпрабаванняў сярод калектываў аварыйных службаў вытворчага ўпраўлення “Баранавічыгаз” – вызначалі каманду “аварыйшчыкаў”, якая будзе прадстаўляць прадпрыемства на абласных спаборніцтвах.
Каб атрымаць статус лепшай каманды, газаўшчыкам з Ляхавічаў, Баранавічаў і Ганцавічаў неабходна было пераадолець некалькі конкурсных этапаў. Тэарэтычны блок уключаў тры дзясяткі пытанняў на валоданне нарматыўна-прававымі і іншымі ведамі. Практычныя заданні экзаменавалі ўменне аператыўна выяўляць і ўхіляць уцечку газу на падземным газаправодзе, няспраўнасці на дзеючым газаразмеркавальным пункце, аднаўляць рэжым газазабеспячэння. Ацэньвалася таксама тэхнічная аснашчанасць і камплектацыя аўтамабіляў аварыйных службаў.


Канкурсанты імкнуліся паказаць лепшы вынік, пацвердзіць сваё прафмайстэрства. У выніку на абласных спаборніцтвах будзе выступаць зборная каманда ў складзе старшага майстра аварыйна-дыспетчарскага ўчастка Ляхавіцкага раёна газазабеспячэння Вадзім Сотнікаў, вадзіцель і слесар ВУ “Баранавічыгаз” — адпаведна Андрэй Саванчук і Марат Жук. Апошнія, дарэчы, нашы землякі.