Замест лекаў – спорт

Тое, што ўзрост актыўнасці не перашкода, з года ў год даказваюць члены ветэранскіх арганізацый горада і раёна. 20 чэрвеня прадстаўнікі залатога ўзросту сабраліся на стадыёне «Колас», каб у IV раённай ветэранскай спартакіядзе вызначыць самых спрытных, дужых і мэтанакіраваных.

Як і папярэднія, сёлетняя спартакіяда была прысвечана Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Да пачатку спаборніцтваў землякі ўшанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання і ўсклалі кветкі да помніка на плошчы Перамогі.
Усяго стартавала 106 ветэранаў-спартсменаў з 13 пярвічных ветэранскіх арганізацый. Яны спаборнічалі ў шашках і шахматах, дартсе, настольным тэнісе, стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, накідванні кольцаў на фішкі.

Асноўная барацьба разгарнулася паміж ветэранамі торфабрыкетнага завода і абласной бальніцы «Крывошын». Вызначыць лепшых суддзі так і не змаглі, таму каманды падзялілі вышэйшую прыступку п’едэстала. На другім месцы – ветэраны фізкультуры і спорту, на трэцім – ветэраны адукацыі. Усе ўдзельнікі атрымалі граматы і сувеніры.

А 83-гадовы Георгій Шабан з каманды агракаледжа аказаўся самым узроставым удзельнікам спартакіяды. Яму ўручылі сувенір ад сацыяльнай службы.

Мікалай ЮРУЦЬ,
старшыня раённага савета ветэранаў.