Культурны разгуляй

«А што гэта ў нас за свята?» – здзіўлена пераглядаліся ляхавічане, якія ў мінулую сераду прагульваліся па плошчы Леніна ці проста праходзілі па сваіх справах. Прадметам актыўнага абмеркавання стала ўпрыгожаная сцэна, усталяваная тут. А апалове шостай гадзіны вечара на яе выйшлі самадзейныя артысты з Ураджайнінскага СДК – спявалі, танцавалі, запальвалі і ў народным стылі, і ў сучасным эстрадным. Словам, радавалі сваёй творчасцю ўсіх, хто на працягу паўтары гадзін знайшоў час і жаданне зрабіць свой вечар больш змястоўным, культурным і вясёлым.

На самай справе, ніякай святочнай нагоды для такога канцэрта не было – проста культработнікі вырашылі зрабіць падарунак для землякоў. А заадно паказаць, на што здольныя. Аб’явілі «Летні разгуляй» – прызначылі сустрэчу штовечар на тым жа месцы і ў той жа час. Аматарскія калектывы мастацкай творчасці з Падлескага і Жарабковіцкага СДК таксама прадставілі ўжо свае праграмы. Сёння на спатканне запрашае Тальмінавіцкі СДК, а ў нядзелю паспрабуе здзівіць і ўразіць гледачоў самадзейнасць Крывошынскага сельскага Дома культуры.

А крыху раней тут жа, на плошчы Леніна, адкрылася сувенірная лаўка. Яе гаспадар – раённая цэнтралізаваная клубная сістэма – прапануе сувеніры на ўсе выпадкі: абярэгі, магніты, кухонныя дробязі і ўпрыгажэнні для дома, выраб-леныя ляхавіцкімі ўмельцамі. Дарэчы, на сайце «ЛВ» можна разгледзець сувенірны асар- тымент больш падрабязна. А лепш зазірнуць сюды і пераканацца на ўласныя вочы, што побач з намі жывуць сапраўдныя майстры, якія ствараюць прыгажосць. І вам абавязкова што-небудзь спатрэбіцца.

Святлана БЕЛЬМАЧ

На сцэне вакальны ансамбль «Жытніца»  Ураджайнінскага СДК