Педагагічная песня


Як жа гэта цудоўна: ісці па родным горадзе, дзе з дзяцінства знаёма ўсё, амаль на кожным кроку сустракацца і вітацца з людзьмі – маладымі і не вельмі, сваімі равеснікамі, тымі, хто шмат гадоў таму прыйшоў у тваё школьнае жыццё, назаўсёды застаўся ў памяці і сэрцы. Маю на ўвазе сваіх дарагіх настаўнікаў. Кожны з іх пакінуў пэўны след, але ўспаміны пры сустрэчы з імі толькі мажорныя і ўзнёслыя. На душы становіцца цяплей і пасля выпадковых сустрэч з былой настаўніцай матэматыкі сярэдняй школы № 2 Клаўдзіяй Сяргееўнай Здановіч. Нельга сказаць, што мае аднакласнікі любілі алгебру і геаметрыю, хутчэй наадварот – мала з матэматыкай сябравалі і нават пабойваліся, надта мудрагелістай была для большасці з нас гэта навука. Але і тады мы бачылі, што такая строгая Клаўдзія Сяргееўна разумее: вялікімі матэматыкамі ці эканамістамі стануць далёка не ўсе, а вось навучыцца элементарным матэматычным ведам павінен кожны. У гэтага таленавітага педагога была свая методыка, у якой высокая патрабавальнасць спалучалася з уменнем зацікавіць новай тэмай. Педагог Здановіч не толькі дасканала ведала свой прадмет, але і паспяхова даносіла яго вучням. І менавіта дзякуючы ёй многія хлопчыкі і дзяўчынкі зразумелі, што матэматыка — не сухая навука, а даволі цікавая і займальная. А яшчэ Клаўдзія Сяргееўна пры знешняй строгасці валодала добрым пачуццём гумару і ўмела адным толькі словам, але даволі трапным, супакоіць любога гарэзу і неслуха. Яе любілі і паважалі шматлікія вучні, іх бацькі, калегі. Таму не дзіўна, што і праз 25 гадоў пасля выхаду на заслужаны адпачынак у яе доме па-ранейшаму часта звініць тэлефон; былыя вучні, якія ўжо даўно сталі дарослымі, памятаюць пра любімую настаўніцу. Колькі іх – сённяшніх настаўнікаў і медыкаў, аграномаў і інжынераў, кіраўнікоў рознага ўзроўню і навукоўцаў, механікаў і вадзіцеляў – калісьці з цікавасцю слухалі, як любімая настаўніца даказвала тэарэмы і рашала самыя складаныя задачкі.
А сяброўству і ўзаемападтрымцы паміж ветэранамі педагагічнай працы і ўвогуле можна па-добраму пазайздросціць.
“З вышыні пражытых гадоў, аналізуючы сваё жыццё, яскрава ўсведамляю, што няма лепшай, больш высакароднай і патрэбнай прафесіі, чым настаўнік. І я вельмі рада, што маю шчасце і гонар уваходзіць у вялікую і дружную педагагічную сям’ю”, – гаворыць Клаўдзія Здановіч.
Яе жыццёвы шлях пачынаўся ў Капылі. Менавіта ў гэтым невялікім гарадку на Міншчыне 10-гадовая дзяўчынка разам з сям’ёй пачула страшную вестку: пачалася вайна. Памятае яна гады акупацыі, юнацтва, апаленае вайной, цяжкія, але такія запамінальныя гады вучобы ў Баранавіцкім інстытуце, і, канешне, свае першыя ўрокі ў сярэдняй школе №1 г. Ляхавічы, куды маладая настаўніца трапіла па размеркаванні. З таго часу гэты горад стаў для яе родным. А ў 1954 годзе з’явіліся першыя старонкі летапісу маладой сям’і Здановічаў. І вось ужо амаль 5 з паловай дзесяцігоддзяў Павел Паўлавіч і Клаўдзія Сяргееўна разам, як гаворыцца, і ў радасці, і ў горы. Муж і жонка не проста падтрымліваюць, дапамагаюць, але і дапаўняюць адзін аднаго, і не ўяўляюць, што побач па жыцці мог ісці нехта іншы.
А якім цудоўным голасам валодае Клаўдзія Здановіч. І гэты падарунак лёсу яна зберагла – з моманту заснавання народнага клуба ветэранаў вайны і працы “Сівізна” – яна яго пастаянная ўдзельніца, з задавальненнем выступае ў шматлікіх канцэртных праграмах хору і гастралюе разам з такімі ж няўрымслівымі калегамі, на гэты раз па творчай сцэне. Клаўдзія Здановіч адносіцца да тых людзей, якія не скараюцца лёсу і ўзросту, а знаходзяць у кожным новым дні сваю прыгажосць і сваё шчасце. “Як жа гэта цудоўна жыць, калі навокал столькі пазітыву: радуюць шматлікія новабудоўлі, вакол чыста і прыгожа, над галавой мірнае неба, а самае галоўнае – пастаянна адчуваеш да сябе пашану з боку не толькі блізкіх і сяброў, але і дзяржавы”, – зазначае юбілярка.
Доўгіх гадоў Вам, шчаслівага жыцця, паважаная Клаўдзія Сяргееўна!
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *