Брыльянтавае вяселле на завулку Рачным

60 гадоў разам ідуць па жыцці Кацярына і Віктар Буракі.

У гэтым утульным доме на вуліцы Зарэчнай у вёсцы Шавялі заўсёды рады гасцям – дзецям, унукам, праўнукам, аднавяскоўцам. Прыветна сустрэнуць, выслухаюць, дапамогуць. Гаспадары Віктар і Кацярына Буракі на ўсё наваколле вядомыя як шчырыя, добразычлівыя і працавітыя людзі.

Нягледзячы на шаноўны ўзрост (Віктару Аляксеевічу 85 гадоў, Кацярына Сцяпанаўна на год маладзейшая), трымаюць птушыную гаспадарку, увіхаюцца на агародзе. У абавязковым раскладзе — ад першага да апошняга радка прачытаць любімую раёнку, якая паспела стаць членам сям’і яшчэ з “Совецкага патрыёта”, і, канешне, паглядзець тэлевізар.
Пачаўся гэты сямейны раман, які доўжыцца  60 гадоў, 14 ліпеня 1955 года звычайным вясковым вяселлем. І жаніх, і нявеста – тутэйшыя, шавялёўскія, праўда, жылі ў розных канцах вёскі (як потым іх дачка і будучы зяць). Як жа было не закахацца ў маладога, дужага, з ваеннай выпраўкай, толькі што дэмабілізаванага салдата?! Каця таксама прыйшлася даспадобы Віктару.
І паляцеў час. Сям’я большала: спачатку нарадзілася дачка Волечка, потым сын Алёша. Дом пабудавалі недалёка ад рэчкі, развялі вялікую гаспадарку. На ўсё хапала часу, сіл і, галоўнае, жадання. Амаль 40 гадоў кожную раніцу спяшаўся на шавялёўскую малочнатаварную ферму Віктар Аляксеевіч, дзе спачатку быў даглядчыкам, а пасля заканчэння Ляхавіцкага саўгаса-тэхнікума – загадчыкам. Жонка і тут была побач — працавала лабаранткай. Жылі годна. Гэтаму ж навучылі дзяцей, тыя – сваіх дзяцей. Дарэчы, унукі і праўнукі заўсёды з радасцю спяшаюцца да бабулі і дзядулі: дзе яшчэ пачастуешся такімі прысмакамі, якія бабуля гатуе, і хто так хутка навучыць катацца на веласіпедзе як не дзед Віця. Дарэчы, да веласіпеда ў Віктара Сцяпанавіча адносіны асаблівыя: як пасябраваў з двухколавым у дзяцінстве, і дагэтуль на ім у свае 85 у магазін ці па іншых справах ездзіць.
Буракі ведаюць як у ладзе і згодзе пражыць шэсць дзесяцігоддзяў: трэба паважаць, берагчы адзін аднаго і ўмець дараваць.
Заўтра ў доме на Зарэчнай загучыць мелодыя марша Мендэльсона — Віктар і Кацярына Буракі ў акружэнні родных і блізкіх адзначаць брыльянтавае вяселле.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *