Эфектыўнасць «мінус». Ляхавіцкаму райаграсэрвісу трэба выпраўляць памылкі

17 чэрвеня адбылося сумеснае пасяджэнне калегій пракуратуры і Камітэта дзяржаўнага кантролю Брэсцкай вобласці, на якой разгледжаны вынікі праведзеных пракуратурай і КДК праверак раённых арганізацый па аграхімічным і матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні сельскагаспадарчых прадпрыемстваў па пытаннях выканання патрабаванняў заканадаўства аб закупках тавараў (работ, паслуг), антыкарупцыйнага заканадаўства, а таксама дырэктыў №1, №2, №3.

Вынікі праверак сведчаць: у належнай меры кантроль за захаваннем нормаў заканадаўства з боку кіраўнікоў асобных профільных раённых арганізацый не забяспечаны.

На сённяшні дзень накірункі дзейнасці арганізацый па аграхімічным і матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні сельгаспрадпрыемстваў неаднародныя, у асобных – дзейнасць па матэрыяльна-тэхнічным абслугоўванні мінімізавана або наогул не ажыццяўляецца.

У апошнія гады намецілася тэндэнцыя пагаршэння фінансавага стану такіх арганізацый. Так, калі па выніках работы за 2013 г. імі па гэтым накірунку было атрымана чыстага прыбытку на суму 23,5 мільярдаў рублёў, то летась ён зменшыўся на 7,5 млрд. рублёў і склаў 16 млрд. рублёў або 68,3 працэнты да 2013 года.

Рэнтабельнасць продажу прадукцыі за мінулы год склала 1,2 працэнта (пры 1,5 працэнтах за 2013 год), за І квартал 2015 года – мінус 0,1 працэнта (пры 1,3 працэнта за І квартал 2014 года).

Адзначаецца значны рост у правераных арганізацыях крэдыторскай і дэбіторскай запазычанасці.

Адным з негатыўных фактараў, што ўплываюць на фінансавы стан таварыстваў, з’яўляецца праблема неплацяжоў сельгасарганізацый, высокая дэбіторская запазычанасць, якая склала на

1 красавіка г.г. у арганізацыях па аграхімічным і матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні сельскагаспадарчых прадпрыемстваў 362 млрд. рублёў, у тым ліку пратэрмінаваная – 73,5 млрд. рублёў.

Праверкамі ўстаноўлена неэфектыўнае выкарыстанне дзяржаўнай маёмасці і маёмасці таварыстваў. У ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” не выкарыстоўваюцца 5 будынкаў агульным балансавых коштам 4,1 млрд. рублёў. На балансе таварыства лічыцца незавершанае будаўніцтва склада мінеральных удабрэнняў магутнасцю 5 тысяч тон (будаўніцтва спынена ў 1995 годзе), агульная сума затрат склала 3,3 млрд. рублёў.

Працяглы час у гаспадарчым абароце не выкарыстоўваецца сельскагаспадарчая тэхніка. Так, на тэрыторыі майстэрняў райаграсэрвісу ў разукамплектаваным выглядзе знаходзяцца 2 трактары МТЗ-82, якія не выкарыстоўваліся з 19 жніўня 2013 года і з 20 мая 2012 года, адпаведна.

ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”, як вытворца сельскагаспадарчай тэхнікі і абсталявання не выконвае патрабаванні па ступені лакалізацыі вузлоў і агрэгатаў іх вытворчасці.

Трэба адзначыць, што ў ходзе праверкі ўстаноўлены парушэнні тэхнічных нарматыўных прававых актаў пры вытворчасці касілак навясных дыскавых КНД-3,9 (меліся нераўнамернасці зварнога шва, неправары, пор і пырскаў наплаўленага металу, на крапежных вырабах мелася ржа, металічнае або неметалічнае антыкаразійннае пакрыццё адсутнічала).

У межах выканання мерапрыемстваў дзяржаўнай комплекснай праграмы развіцця бульбаводства, агародніцтва і пладаводства на 2011-2015 гады з 2011 года Ляхавіцкі райаграсэрвіс ажыццяўляе будаўніцтва аб’екта “Рэканструкцыя бульбасховішча ёмістасцю 800 тон з расшырэннем да 3000 тон у  в. Малое Гарадзішча”, гатоўнасць якога на момант праверкі склала не больш як 50 працэнтаў. На гэтым аб’екце ўстаноўлена завышэнне кошту выкананых работ на агульную суму 173,5 млн. рублёў. У сувязі з зацягваннем тэрмінаў рэканструкцыі бульбасховішча, сродкі бюджэту ў суме 2,6 млрд. рублёў, па стане на момант праверкі, выкарыстаны неэфектыўна.

Па выніках праверкі ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты 5 чалавек, да адміністрацыйнай — 4 чалавекі на суму 9,7 млн. рублёў і 2 юрыдычныя асобы – на 115,1 млн. рублёў.

Па інфармацыі КДК Брэсцкай вобласці.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *