Тальмінавіцкія скрыжаванні

Аграном, механік, камбайнеры, вадзіцелі - уборачны "твар" КСУП "Тальмінавічы" пераважна малады

Гэта шырокае, ажыўленае і, здаецца, у любую пару года светлае месца апошнім часам змяніла інсталяцыі. У адпаведнасці з галоўным сезонным колерам, пахам, настроем. Уладараць жоўта-залацісты, хлебны, працоўны. Адзін з «кварталаў» скрыжавання стаў ужо свежай раллёй, хоць усяго толькі нейкі тыдзень назад тут стаяў ура-джай. І вось наступны віток, пачатак якому пакладзе вельмі хуткая новая сяўба.

Рыхтуем глебу пад азімы рапс, –  пракаменціраваў кіраўнік КСУП «Тальмінавічы» Валянцін Умоўскі.

Квадрат, што праз негалоўную дарогу, – увесь у залатым. Гэту палявую тэрыторыю камбайны таксама ўжо асвоілі і пакінулі, саступіўшы месца рулонным прэс-падборшчыкам. Апошнія круцяцца: круцяць салому ў магутныя шпулі, якім адразу знаходзіцца месца на доўгім прычэпе-платформе. Канчатковай маршрутнай кропкай платформы значылася бліжэйшая МТФ прадпрыемства – тальмінавіцкая. Некалькі доўгіх сціртаў тут поўнасцю ўжо сабраны.

– Да саломы з ашчаднасцю, – тлумачыць кіраўнік.

Уборка ў «Тальмінавічах» пачыналася з рапсу. Паспелі каласавыя –   шасцёрка камбайнаў (усе – гомельскай вытворчасці)  паспяшаліся туды. Сёлетні сезон для іх далёка не першы палявы. Чым больш «стомленая» машына, тым больш увагі, сродкаў, сэрвісных намаганняў яна патрабуе. Падрыхтоўка камбайнаў да палявога сезона не была для тутэйшых аграрыяў справай простай і таннай.

– Прыйшлося ўкласціся. І матэрыяльна, і ў плане працоўнага рэсурсу. Затое цяпер усё працуе і выпадкаў нявыхаду камбайна на лінію з-за паломак не здаралася, – гаворыць упраўляючы прадпрыемства.

Гэта пацвердзіў і механік гаспадаркі Аляксандр Дэвойна:

– Сур’ёзных адказаў тэхнікі на працягу ўборкі не адбывалася. Дробныя здараліся. Але для іх выпраўлення не патрабуецца ні многа часу, ні правядзення складаных маніпуляцый. Канешне, расходнікі перыядычна даводзіцца мяняць. Усё гэта – часта ў полі, перад ці пасля палявога дня – у мехмайстэрні.

Гэты ўборачны сезон з’яўляецца для Аляксандра першым самастойным працоўным. Нядаўні выпускнік аграрна-тэхнічнага каледжа з энтузіязмам узяўся за справу. Што за штурвалам камбайна, што за рулём іншага самахода адчувае сябе ўпэўнена, нягледзячы на маладосць.

Калі гаварыць пра тальмінавіцкае жніво ў цэлым – «твар» у яго пераважна малады. Базавую прафесійную адукацыю галоўны аграном гаспадаркі Яўгеній Ратомскі атрымаў у Ляхавіцкім дзяржаўным агракаледжы. Пасля шэрага гадоў «нясвіжскай» практыкі сёлета, літаральна напярэдадні ўборкі, вярнуўся на Ляхавіччыну ў новай якасці, з прагматычнымі вытворчымі мэтамі. Тлумачыць «лагістыку» палявых дзеянняў:

– Камбайны выходзяць з самай раніцы. Спачатку – па сітуацыі – на жыта, трыцікале. Пазней, гадзін ужо ў 10, калі ячмень абветрае, перамяшчаемся на яго палеткі. Гадзін у 6-7 вечара яшчэ адна ратацыя – адваротная. З-за расы на ячмені ні рана, ні позна асабліва не папрацуеш.

Адзін з камбайнаў заканчваў сваю загонку на жытнёвым «загайнінецкім» полі. Астатнія ўжо згрупаваліся з мэтай арганізавана-дружнага рыўка на новыя ўборачныя плошчы. У ваколіцы Савеек камбайнераў чакаў ячмень. Хвілінную паўзу на жніве кожны з хлебаробаў бавіў па-свойму. Камбайнер Валерый Скубята абышоў машыну, агледзеўся, зняў рэшткі саломы. Спадарожна – адказаў на пытанні карэспандэнта:

– Я тут на сезон уборкі. Працуецца нармальна. Камбайн? За тэхнікай трэба глядзець. Абеды? Прывозяць у поле, атрымліваем і так званы падвячорак.

Тальмінавіцкія хлебаробы пачалі ўжо адгружаць збожжа ў дзяржаўныя засекі. Ёсць у гаспадаркі заказ на адгрузку піваварнага ячменю, жыта, аўсу, грэчкі, час уборкі якой яшчэ не блізкі.

– Падлічылі, што на год на ўнутрыгаспадарчыя патрэбы нам неабходна 1800 тон зерня. У роўным аб’ёме яго сабе і пакінем. Астатняе – на продаж. З даўгамі, якія ўтварыліся за гаспадаркай далёка не ўчора, трэба разлічвацца, – адзначыў Валянцін Умоўскі.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Стрыечныя браты Сяргей Вашчылка і Андрэй Кулак на час жніва склалі адзін з камбайнавых экіпажаў гаспадаркі

Уладзімір Ганжа - старшы камбайнер

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *