Аспекты здаровай медыцыны. На чэрвеньскім пасяджэнні райвыканкама гаварылі пра важнасць тэхнічнага ўзбраення Ляхавіцкай ЦРБ

Пра неабходнасць замацавання маладых спецыялістаў ва ўстановах аховы здароўя і пра важнасць тэхнічнага ўзбраення Ляхавіцкай ЦРБ сучасным медыцынскім абсталяваннем гаварыў старшыня раённага выканаўчага камітэта Мікалай Мароз на чэрвеньскім пасяджэнні райвыканкама. Разглядалася пытанне «Аб прымаемых мерах па матэрыяльна-тэхнічным, кадравым забеспячэнні і павышэнні якасці медыцынскіх паслуг ва ўстановах аховы здароўя і выніках рэалізацыі мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека на 2016 – 2020 гады ў Ляхавіцкім раёне».

Кадры вырашаюць многае
Пра зробленае, праблемныя моманты, планы на перспектыву – аснова выступлення намесніка галоўнага ўрача УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Міхаіла Куляшова. У прыватнасці, адзначана: аснова асноў у галіне аховы здароўя – кадравы складнік. Што маем на сёння? Укамплектаванасць урачамі на Ляхавіччыне складае 82 працэнты (абласны паказчык – 95,4 працэнта), сярэднім медыцынскім персаналам – 92 працэнты (абласны – 97,5 працэнта). Ляхавіцкім установам аховы здароўя не хапае 10 урачоў і 25 прадстаўнікоў сярэдняга медыцынскага персаналу. Па словах Міхаіла Куляшова, сітуацыя павінна істотна змяніцца ў лепшы бок у гэтым жніўні, калі да работы прыступяць 7 урачоў і 25 медсясцёр, фельчараў. Дарэчы, замацаванасць маладых спецыялістаў на першым працоўным месцы ў раёне складае 85,7 працэнта. Немалаважную ролю ў гэтым мае забяспечанасць жыллём. З 2017-га па 2020-ы медыкам выдзелена 15 арэндных кватэр, акрамя таго, месцы ў інтэрнаце прадастаўляе ЦРБ.
Кваліфікацыя – яшчэ адзін паказчык эфектыўнасці работы. Вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю маюць чатыры ўрачы, першую – 30,
другую – 19. Атэставанасць сярэдніх медработнікаў складае 75 працэнтаў.

Рамонт і тэхнічнае пераўзбраенне
Важным звяном паляпшэння якасці і ўмоў аказання меддапамогі з’яўляецца ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы падраздзяленняў ЦРБ.
Міхаіл Куляшоў расказаў, што з 2019-га па чэрвень  2021-га праведзены шэраг работ па бягучым, касметычным і капітальным рамонтах ва ўстановах аховы здароўя. У прыватнасці, зроблены капітальны рамонт сістэм каналізацыі і водазабеспячэння галоўнага корпуса райбальніцы. Інфарматызацыя рабочых месцаў урачоў паліклінікі і ўрачэбных амбулаторый з аб’яднаннем у агульную камп’ютарную сетку дазволіла перайсці на вядзенне электронных медкарт і выпіску электронных рэцэптаў – зручна і медыкам, і пацыентам. Набываецца новае і замяняецца састарэлае дыягнастычнае абсталяванне. За апошнія тры гады на гэтыя мэты пайшло амаль 835 тысяч рублёў, з якіх 376 тысяч – з раённага бюджэту. Разам з тым, патрабуецца набыццё пяці стацыянарных і адной перасоўнай стаматалагічнай устаноўкі, фізіятэрапеўтычнага абсталявання, перасоўнага палатнага лічбавага рэнтгенапарата, лапараскапічнай стойкі, каланаскопа з наборам інструментаў для правядзення паліпэктаміі.
Для паляпшэння якасці дыягностыкі захворванняў на ранняй стадыі ЦРБ неабходны камп’ютарны тамограф. Будаўнічыя работы для падрыхтоўкі памяшкання пад апарат плануецца правесці ў 2021 – 2022 гадах. Аднак, як заўважыў старшыня райвыканкама, варта прыняць усе меры,каб выканаць такія мерапрыемствы як мага раней. Такога кшталту апарат не толькі істотна паўплывае на якасць дыягностыкі хвароб, адпаведна і на пастаноўку дыягназу, і паспяховасць далейшага лячэння, але і дазволіць пашырыць пералік аказваемых платных паслуг, у тым ліку і жыхарам іншых раёнаў, і замежным грамадзянам.

Эфектыўнасць высокая

У Дзяржаўную праграму  «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека» ўваходзяць падпраграмы: «Сям’я і дзяцінства», «Прафілактыка і кантроль неінфекцыйных захворванняў», «Папярэджванне і пераадоленне п’янства і алкагалізму», «Туберкулёз», «Прафілактыка ВІЧ-інфекцый», «Знешняя міграцыя», «Забеспячэнне функцыянавання сістэмы аховы здароўя». На яе рэалізацыю ў раёне зрасходавана 46493 тысячы рублёў.
За 2020 год з 22 даведзеных праграмай мэтавых паказчыкаў не выкананы тры. Дэмаграфічная сітуацыя характарызуецца працэсамі змяншэння колькасці насельніцтва. За апошнія пяць гадоў колькасць жыхароў раёна скарацілася на 2815 чалавек. Як адзначыў намеснік галоўнага ўрача ЦРБ, паказчык нараджальнасці ў раёне склаў у 2020 годзе 7,6 працэнта (абласны – 10 працэнтаў), смяротнасці – 21 працэнт (абласны – 15,9 працэнта).
Асноўнае месца ў структуры агульнай смяротнасці займаюць хваробы сістэмы кровазвароту (58,4 працэнта), нервовай сістэмы (14,3 працэнта), анкалогія (11 працэнтаў), няшчасныя выпадкі, траўмы і атручванні (6,8 працэнта).
Міхаіл Куляшоў зазначыў, у сувязі з тым, што асноўны ўплыў на дэмаграфічныя паказчыкі аказваюць сардэчна-сасудзістыя і анкалагічныя захворванні, прыярытэтнымі напрамкамі ў аказанні медыцынскай дапамогі насельніцтву з’яўляюцца кардыялогія і анкалогія. Прычым кардыялагічная і анкалагічная дапамога даступна жыхарам Ляхавіччыны на раённым, міжраённым, абласным і рэспубліканскім узроўнях.
У раёне рэалізуюцца «дарожныя карты» аказання экстраннай дапамогі пацыентам з вострым каранарным сіндромам і вострым парушэннем мазгавога кровазвароту. Такіх хворых брыгады хуткай медыцынскай дапамогі дастаўляюць у стацыянар Баранавіцкай гарадской бальніцы. Толькі сёлета за пяць месяцаў землякам-пацыентам праведзена 29 каранараангіяграфій, выканана 9 аперацыйных умяшанняў на сэрца. Па словах намесніка галоўнага ўрача, эфектыўнасць рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы прызнана высокай.

Зноў пра прышчэпку
І яшчэ адна надзвычай важная тэма ўздымалася на пасяджэнні райвыканкама. Тычылася яна прышчэпачнай кампаніі супраць COVID-19. Міхаіл Куляшоў паведаміў, што, нягледзячы на прымаемыя меры, у тым ліку выезд медыцынскіх брыгад на прадпрыемствы і ва ўстановы, колькасць жадаючых супрацьстаяць каранавірусу шляхам вакцынацыі не такая значная, як хацелася.
Кіраўнік раёна падкрэсліў, варта прыслухацца да рэкамендацый медыкаў, якія ўпэўнены: пакуль няма іншага шляху барацьбы з COVID-19, акрамя прышчэпкі. Далучаемся да 2265 нашых землякоў, якія зрабілі важны крок у барацьбе з пандэміяй і атрымалі вакцыну (1572 чалавекі прайшлі поўны курс вакцынацыі). Наша здароўе –
у нашых руках.

Галіна КАНЬКО.