Лёд колеру небяспекі. Ляхавіцкія выратавальнікі сумесна з зацікаўленымі службамі пастаянна праводзяць рэйдавыя мерапрыемствы па месцах, аблюбаваных рыбакамі для актыўнага адпачынку
Сезон зімовай рыбалкі афіцыйна стартуе, калі таўшчыня лёду дасягае сямі і больш сантыметраў. З улікам сёлетняга надвор’я на вадаёмах раёна паказчык гэты ўсюды розны, але,
па словах інспектара РАНС Таццяны Калгушкінай, надзейнага лядовага пакрыцця пакуль няма. Ляхавіцкія выратавальнікі сумесна з зацікаўленымі службамі пастаянна праводзяць рэйдавыя мерапрыемствы па месцах, аблюбаваных рыбакамі
для актыўнага адпачынку.
У мінулыя выхадныя і пачатку гэтага тыдня на маршруце супрацоўнікаў РАНС былі вадаёмы, размешчаныя на тэрыторыі Крывошынскага і Альхоўскага сельсаветаў.
– На вадаёме, напрыклад, у Залужжы рыбакоў не было, а вось у Альхоўцах на беразе возера сустрэлі двух мясцовых жыхароў, якія, па іх словах, рыбу вудзяць шмат гадоў і заўсёды памятаюць пра асабістую бяспеку. Выратавальнікі замералі таўшчыню лёду, і яна склала 3–5 сантыметраў. З рыбакамі правялі прафілактычную гутарку і расказалі пра забарону выхаду на лёд, калі яго таўшчыня
не дасягае 7 сантыметраў. Таксама нагадалі пра неабходнае і абавязковае абмундзіраванне менавіта для зімовай рыбалкі, дзеянні ў выпадку надзвычайнай сітуацыі. Так, калі чалавек апынуўся на паверхні тонкага лёду, не трэба панікаваць, а пастарацца не рабіць рэзкіх рухаў, паспрабаваць акуратна паўзці да берага. Побач ёсць людзі – абавязкова трэба клікаць іх на дапамогу, – адзначыла Таццяна Калгушкіна і нагадала, што альхоўскі вадаём – забароненае для купання месца.
Лакацыю ракі Ведзьмы ў Ляхавічах выратавальнікі праманіторылі раніцай у панядзелак. Нягледзячы на мінусавую тэмпературу, каля лунак знаходзіліся пяць рыбакоў, з якіх толькі двое былі ў выратавальных камізэльках. А без іх выхад на лёд забаронены. Старшыня раённай арганізацыі Асвода Аляксандр Шчаўроўскі падкрэслівае, што выхад на лёд без адпаведнай амуніцыі можа абярнуцца бядой. Аматары зімовай рыбалкі павінны памятаць, што лёд толькі стварае бяспечную карцінку. На справе нават пры таўшчыні лёду не менш за
7 сантыметраў рызыка ўсё ж захоўваецца. Перад тым, як выйсці на лядовую паверхню, абавязкова трэба звярнуць увагу на колер лёду: ён павінен быць празрыстым, блакітнавата-зялёнага адцення. Калі ж ён матавы, белага ці жоўтага колеру,
то на такі лёд выходзіць нельга.
– Забаронены і выхад на лёд дзяцей без суправаджэння дарослых, – нагадаў прадстаўнік Асвода і паведаміў, што на рацэ Шчары ў аграгарадку Дарава раніцай 10 лютага таўшчыня лёду была 7–9 сантыметраў, а на Ведзьме – ад 8 да 10 сантыметраў.
З пачатку года з-за няшчасных выпадкаў на вадзе ў Беларусі загінулі 25 чалавек (з іх адзін непаўналетні), выратаваны восем чалавек. На Брэстчыне сёлета патанулі чатыры чалавекі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.





