Зімовы палявы сезон. Асобныя прадпрыемствы Ляхавіччыны распачалі ўжо чарговы аграрны сезон

Пакуль яшчэ вельмі асцярожна, з улікам стану надвор’я, якое гэтай зімой складваецца зусім не па звыклай схеме. Дастаткова незвычайна было бачыць работу плугоў у студзені. Але факт: асобныя з сельгаспрадпрыемстваў раёна ажыццяўлялі ворыўныя работы пад яравую сяўбу.


Сярод такіх, напрыклад, значыцца ЗАТ «Белпрампрыбор», дзе, згодна з аператыўнай статыстыкай упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, па стане на 10 лютага, узаралі пад яравую сяўбу каля сямі дзясяткаў гектараў палявых плошчаў. Як адзначылі ў райсельгасхарчы, гэты від глебаапрацоўкі не з’яўляецца ўздымам зябліва, з якім пажадана завяршыць яшчэ з восені. Ворыва пад яравую сяўбу прадугледжвае папя-рэдняе ўнясенне ў глебу арганічных угнаенняў. У «Белпрампрыборы» такая схема была і вытрымана. Унесеныя толькі за адзін дзень прыкладна 200 тон арганікі былі, што назы-ваецца, свежазавораны.
Адзначыліся ў падобным напрамку і працаўнікі
ААТ «Шлях новы», чые плошчы, узараныя пад ярыну, па стане на пачатак гэтага тыдня, раўняліся чатыром з паловай дзясяткам гектараў.
ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» ужо каля тыдня працуе на ўнясенні ў будучыя льнопалеткі мінеральных удабрэнняў. Як растлумачыў вядучы аграном Мікалай Герасімовіч, 2 200 гектараў ільнозаводскіх палёў былі «закрыты» ўдабрэннямі калійнай групы яшчэ восенню, для чаго было выкарыстана ледзь ці не тры з паловай сотні тон дзеючага рэчыва ўдабрэння. А ў гэтыя лютаўскія дні сельгасатрад завода займаецца ў тым ліку і ўнясеннем у глебу дадатковай дакупленай пажыўнай хіміі палёў. У ход ідуць тукі фосфарнай групы, якія выкарыстоўваюцца выбарачна, на плошчах, дзе іх прысутнасць найбольш патрэбна, дзе глеба не вызначаецца высокай прыроднай урадлівасцю.
Не забываюцца работнікі сельскай гаспадаркі і на перадвясенні тэхнічны агляд тэхнікі. Нагадаем, што ён у нашым раёне стартаваў учора ў «Ліпнянцы», а завершыцца з улікам усіх
(не толькі сельскагаспадарчых) арганізацый Ляхавіччыны 8 красавіка.
Іван КАВАЛЕНКА.