Перспектывы ёсць. Патрэбна жаданне для іх рэалізацыі
Нельга аспрэчыць той факт, што райспажыўкааперацыя ўзяла на сябе істотную сацыяльную нагрузку па забеспячэнні сельскага насельніцтва таварамі першай неабходнасці і не толькі.

Калі ў горадзе канкурэнцыю райпо ў гандлёвым абслугоўванні насельніцтва складаюць сеткавыя і прыватныя магазіны, то ў аграгарадках і вёсках райпо, лічы, манапаліст. Так што ролю аб’ектаў гандлю, грамадскага харчавання Белкаапсаюза пераацаніць цяжка. Але ці ўсе магчымасці і патэнцыял кіраўніцтва Ляхавіцкага райпо выкарыстоўвае, каб падняць на больш высокі ўзровень паслугі, што аказваюцца насельніцтву, – пра гэта ішла размова на чарговай апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама.
– Распрацаваны і абаронены ў Брэсцкім аблспажыўсаюзе мера-прыемствы па скарачэнні затрат, якія накіраваны на эканомію энергарэсурсаў, скарачэнне расходаў на ўтрыманне транспарту, на рамонт асноўных сродкаў, зніжэнне сабекошту выпускаемай прадукцыі. У прыватнасці, летась у належны тэхнічны і эстэтычны стан прыведзены 32 аб’екты райпо на суму больш за 88 тысяч рублёў. Удасканальваючы работу стацыянарнай гандлёвай сеткі,
не забываем пра абслугоўванне малых населеных пунктаў, дзе адсутнічаюць стацыянарныя магазіны. Зараз у райпо ў наўнасці пяць аўталавак, аснашчаных халадзільным абсталяваннем, якія выязджаюць у 106 населеных пунктаў, 49 з якіх не маюць стацыянарнай сеткі. Летась набыта адна аўталаўка, запланавана набыццё аўтамагазінаў сёлета і на 2026 год, – расказвае старшыня праўлення райпо Васілій Некрашэвіч.
Запланаваны сёлета і шэраг рамонтных работ, а таксама набыццё халадзільнага і гандлёвага абсталявання, працягнецца аўтаматызацыя гандлёвай сеткі. Неаднойчы розныя праблемы кіраўніцтва райпо «спісвала» на недахоп кадраў. Васілій Некрашэвіч адзначае, што летась рост рэальнай заработнай платы склаў 122,1 працэнта, дзякуючы чаму скараціўся кадравы адток.
Зачыненыя магазіны, будынкі якіх не вытрымліваюць націску часу і разбураюцца, – карціна малапрыемная. Па словах старшыні праўленя райпо, частка такіх аб’ектаў прадаецца.Так, сёлета прададзены будынак колішняга магазіна ва Улазавічах, на люты запланаваны продаж аналагічнага аб’екта ў Востраве. Частка такой уласнасці райпо зносіцца, а землі ўводзяцца ў гаспадарчы абарот.
Гэтыя і іншыя тэмы ў дачыненні райпо трымае на кантролі раённая ўлада. Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз акцэнтуе ўвагу на тым, што кіраўніцтву раёна перш за ўсё неабходна бачыць перспектыву развіцця кожнага прадраздзялення раённага спажывецкага таварыства. А такіх перспектыў нямала. У прыватнасці, на думку кіраўніка раёна, істотная незанятая ніша ў аб’ектаў грамадскага харчавання. Шэраг магазінаў райпо, якія зараз не функцыянуюць, маюць права на другое жыццё. Чаму б не адкрыць на іх базе прыдарожныя кафэ, бістро, іншыя аналагі, якія б карысталіся папулярнасцю. Як рэзюмаваў Мікалай Мароз, што гаварыць пра сельскія населеныя пункты, калі ў горадзе ўсяго некалькі такога кшталту аб’ектаў, і яны яўна не задавальняюць попыт насельніцтва. Такога ж меркавання прытрымліваецца і старшыня райсавета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч, які таксама звяртае ўвагу на адзін з вострых аспектаў: закрыццё некаторых магазінаў у вёсках. Перш чым прыняць такое рашэнне, кіраўніцтву райпо трэба вывучыць думку жыхароў населенага пункта і ўзгадніць закрыццё з мясцовай заканадаўчай і выканаўчай уладай. Васілій Некрашэвіч нагадаў, што справа яшчэ і ў кадрах. Напрыклад, у магазінах у Мінічах і Мыслабажы працуюць прадаўцы, якія па ўзросце даўно на пенсіі, і замяніць іх пакуль няма кім. Аднак разглядаюцца розныя варыянты, і пытанне аб закрыцці названых гандлёвых кропак райпо пакуль не стаіць.
Намеснік старшыні райвыканкама Людміла Матчэня, якая сярод іншых курыруе работу райпо, адзначае, што не першы год востра стаіць пытанне па рабоце сталовай у аграгарадку Русінавічы. Каторы год запар аб’ект, што знаходзіцца на балансе райпо,
не працуе. І калі вонкава будынак выглядае яшчэ параўнальна нядрэнна, то ўнутры выгляд куды больш сумны: столь вось-вось разваліцца, і такі стан амаль паўсюдна. Калі не ўзяцца за аднаўленне будынка, то ён хутка разбурыцца. Справа ў тым, што кіраўніцтва райпо і СВК «Ляхавіцкі» пакуль не могуць прыйсці да агульнага меркавання і вырашыць пытанне з перадачай аб’екта ва ўласнасць сельгаспрадпрыемства з далейшай рэканструкцыяй і рамонтам памяшкання. Адназначна, па словах старшыні райвыканкама, сёлета ў Год добраўпарадкавання ў гэтага аб’екта павінен з’явіцца сапраўдны гаспадар, які навядзе парадак. Тым больш сёлета ў Русінавічах плануецца правядзенне раённых «Дажынак». Кіраўніцтва раёна даручыла вырашыць пытанне па сталовай да 1 красавіка.
Галіна КАНЬКО.

