Зялёнае святло для рагулі. Разам з маем для многіх статкаў сельскагаспадарчай жывёлы адкрыўся сезон пашавага ўтрымання

Два бакі медаля
Аграіндустрыялізацыя (у першую чаргу, маецца на ўвазе супермеханізацыя вытворчых працэсаў, дзякуючы чаму з’явілася магчымасць нарыхтоўкі кармоў у аб’ёмах паўтарагадовай нормы і больш) апошніх часоў зрабіла сваю справу. І калі не перавярнула, то сур’ёзна скарэкціравала погляды на сітуацыю з утрыманнем буйной рагатай жывёлы ў залежнасці ад сезона. Зіма, канешне, была і заўсёды будзе стойлавай. А вось сезоннае лета, якое з пазіцыі жывёлаводства працягваецца з мая па лістапад і ў многіх асацыюецца з абавязковым выганам траваедных на «жывую» траву, догмай ужо
не з’яўляецца.
Для шэрага статкаў рагуляў перыяд стойлавага ўтрымання становіцца круглагадовым. Але канструктыўныя дэбаты сярод спецыялістаў галіны – што лепш, эканамічна выгадней, больш прадукцыйна і іншае – працягваюцца. У плюсы стойлавага ўтрымання многія запісваюць магчымасць забеспячэння жывёлы параўнальна аднатыпным рацыёнам на працягу ўсяго каляндарнага года. У выпадку аддаленасці пашавых угоддзяў, на пераадоленне адлегласці ад фермы да пашы і наадварот жывёла затрачвае энергію, якая ў выпадку стойлавага ўтрымання звычайна спрацоўвае на павышэнне паказчыкаў прадукцыйнасці. Таксама на этапе пераходу са стойла на пашу некалькі першых дзён ідзе на адаптацыю – прывыканне статкаў да новых умоў утрымання і кармлення. Але і плюсаў пашы таксама называецца нямала. Сярод іх актыўны мацыён, так называемая інсаляцыя (карысць ад уздзеяння сонечных промняў).
У рэшце рэшт, паша – гэта, калі так можна сказаць, родная стыхія для траваеднай жывёлы – паляпшае ўстойлівасць апошняй да рознага роду неспрыяльных фактараў і, канешне ж, забяспечвае паўнацэнным кормам.

Майская трава пахне малаком
У грамадскім статку Ляхавіцкага раёна налічваецца каля 9,9 тысячы галоў дойнай жывёлы. Найбольш багатым у гэтым сэнсе з’яўляецца
ААТ «Жарабковічы», на фермах якога ўтрымліваецца 3,1 тысячы кароў. У «Шляху новым» іх 2 670, больш як па тысячы –
у СВК «Ляхавіцкі» і ААТ «Нача». Яшчэ ёсць СУП «Белазем’е», ЗАТ «Белпрампрыбор», СУП «Ліпнянка». Зрэшты, пашавы перыяд – гэта зусім не пра тройку названых апошнімі гаспадарак. Усе статкі не толькі кароў, а і іншых катэгорый буйной рагатай жывёлы гэтых
гаспадарак, згодна з аператыўнай інфармацыяй райсельгасхарчу, як стаялі, так і застануцца ў стойле ўвесь каляндарны год. У адрозненне ад жывёльных статкаў «Жарабковіч», «Шляху новага», «Начы», «Ляхавіцкага», для якіх летне-пашавы перыяд ужо наступіў.

Паша«Ляхавіцкага»
Як расказаў галоўны заатэхнік СВК «Ляхавіцкі» Уладзімір Ксёнжык, пашавы перыяд у гаспадарцы пачаўся адразу пасля першамайскіх святаў. Але гэта не для ўсёй нашай жывёлы: на пашы знаходзяцца статкі, што ўтрымліваюцца на МТК «Русінавічы», МТФ «Рачканы» і часткова на ферме для рамонтнага маладняку «Мыслабаж». Па словах галоўнага спецыяліста, выган на пашу ажыццяўляецца ў большай ступені з мэтай мацыёну – дзеля прагулкі, сонца, ну і, канешне, атрымання кармавой «дабаўкі» ў выглядзе маладой свежай травы. Пасля некаторага часу знаходжання на траве жывёла вяртаецца ў стойлы і атрымлівае ўсё належнае па звычайным рацыёне, а паша –
гэта своеасаблівы і не толькі кармавы бонус.
Трава на пашы дастаткова высокая, але далёка не «пераростак», свежазялёная, густая. І, як патлумачыў Уладзімір Ксёнжык, культурная, шматкампанентная, злакава-бабовая.
На пашы статкам у 200 галоў галштынаў кіруе адзін чалавек і адзін электрычны «падпасак». У «Ляхавіцкім» арганізавана загонна-парцыённая схема выпасу буйной рагатай жывёлы.
Тут жа вада для кароў, мінеральныя ласункі. Для жывёлавода прадугледжаны домік, як прытулак на выпадак дажджу
і санцапёку. Але адпачываць пад аховай мабільнага пры-
тулку асабліва не даводзіцца – мяняць дыспазіцыю электрапастуха неабходна пагадзінна. Прыкладна 60 мінут – і жывёлам падаецца новая порцыя духмянага травастою. Гэта значыць – бярыся, жывёлавод, за справу, мерай чарговы зялёны прамавугольнік.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.