Незалежная Беларусь, такой і заставайся! Ляхавіччына далучылася да святкавання Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь

БОЛЬШ ФОТА ТУТ і  ТУТ

Ляхавіччына ўрачыста адзначыла Дзень Незалежнасці Беларусі, чарговую гадавіну вызвалення рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 531-ы дзень нараджэння.

Самае галоўнае, важнае, мірнае свята беларусаў значыцца 3 ліпеня. Ляхавіччына далучылася да святкавання Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Міралюбівы народ адзначае чарговую гадавіну вызвалення рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Кожны год мы, беларусы, будуем сваю краіну на фундаменце традыцый, павагі да гісторыі і сямейных каштоўнасцяў.

Свята незалежнай краіны ляхавічане сустрэлі мітынгам «Мы народ гэтай гордай і моцнай краіны». На плошчы Перамогі ў аздабленні дзяржаўнай сімволікі і адметнасцяў сваёй установы сабраліся прадстаўнікі розных арганізацый і прадпрыемстваў Ляхавіччыны. Кветкі да помніка  загінулым салдатам-вызваліцелям – ад кіраўніцтва раёна, ад удзячных нашчадкаў за магчымасць жыць і ствараць.
З галоўным дзяржаўным святам ляхавічан і гасцей віншаваў старшыня Ляхавіцкага райвыканкама Мікалай Мароз:
– Салдаты перамогі прайшлі гераічны шлях, змагаючыся за наша мірнае, спакойнае і стваральнае жыццё, за нашу свабоду. Мы павінны берагчы Беларусь – квітнеючую краіну. І перадаць яе дзецям, унукам і праўнукам. Справа гонару захаваць свабоду Радзімы і прымножыць яе багацце для будучых пакаленняў беларусаў. Мы павінны зрабіць усё, каб на нашу зямлю ніколі не вярнулася ваеннае ліхалецце.
Спадзяёмся, што не падвялі пакаленне вызваліцеляў. Наказ шанаваць Радзіму трымаем, беражом гістарычную праўду і ніколі не дазволім па-варожы дакрануцца да помнікаў героям. Мы абяцаем, што будучыя пакаленні будуць ведаць імёны тых, хто падарыў незалежнасць і права на шчасце.
Свята атрымала тэхнічны працяг. Па цэнтральнай вуліцы разгарнуўся парад спецыялізаванай тэхнікі. А на плошчы Перамогі ўвагу прысутных прыцягнула выстава зброі і ўзораў ваеннай формы. Будучыя абаронцы Айчыны збіралі-разбіралі аўтаматы, прымяралі бронекамізэлькі і цікавіліся характарыстыкамі зброі.
Паказальныя выступленні разведвальнага батальёна 11-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыга-ды сабралі вакол сябе ўнушальную па колькасці публіку. І атрымалі шквал апладысментаў ад захопленых хлопчыкаў і дзяўчынак.
Канцэртная пляцоўка на плошчы Леніна расквецілася талентамі нашых землякоў. Святочны канцэрт лепшых выканаўцаў і творчых калектываў Ляхавіччыны «Слаўся, зямлi нашай светлае iмя!» напоўніўся душэўнымі песнямі, пяшчотнымі словамі і энергіяй рухаў. Колькі ж было сказана пра нашу Беларусь, пра самы мілы і родны сэрцу куток – пра нашу ляхавіцкую зямлю.
А побач на асфальце дзеці малююць мір, і галоўныя
элементы ў іх сюжэце – сонца, бусел, неба, кветкі. Так і павінна быць!
У самы галоўны дзень для краіны Ляхавіччына імкнулася здзівіць. Канцэрт народнага духавога аркестра ГДК, народнай студыі «Джаз-АРТ», выступленне народнай эксперыментальнай вакальнай групы «Берагіня», народнай арт-групы «ВІНС-акорд», народнай эстраднай студыі «Экспрэс» – музыка на любы густ! Увогуле, кожны, хто ў гэты дзень выходзіў на галоўную святочную сцэну, дарыў гледачам самыя шчырыя эмоцыі.
У адзіным памкненні ляхавічане далучыліся да агульнарэспубліканскай акцыі «Спяём гімн разам». І гэта кранала душу, у кожным слове – сэнс нашага існавання, гістарычны шлях, упэўненасць, што заўтра бу-дзе мірным!
І ў нашым небе разлятаецца салют. А пад ім пакаленні беларусаў, такіх розных і ў той жа час падобных у жаданні быць і заставацца адзіным народам. Мы глядзім у рознакаляровае неба і загадваем, каб Рэспубліка Беларусь заставалася незалежнай і мірнай!

Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.