Пытанне да кучы

Звалкі расліннага смецця, бытавых і будаўнічых адходаў каля шматпавярховікаў і ў прыватным сектары – такую карціну можна ўбачыць у розных месцах горада.

Аўтары смеццевых «нацюрмортаў» упэўнены, што камунгас павінен усё гэта дабро прыбраць і вывезці. І час ад часу выказваюць (у тым ліку ў сацсетках) прэтэнзіі да «няспрытных» камунальнікаў.
Але давайце пачуем і іншы бок пытання.
Камунгас па графіку вывозіць бытавое смецце з прыватнага сектара і шматпавярховай забудовы, смецце з кантэйнераў. Апроч таго, вывозіцца яшчэ і сабранае на гарадскіх вуліцах лісце, смецце з 65 могілак па раёне, у тым ліку трох гарадскіх. Гэта немалы аб’ём працы!
– На жаль, людзі не ўлічваюць, што дагавор на вываз бытавога смецця не распаўсюджваецца на буйнагабарытныя адходы ў выглядзе старой мэблі, аконных рам, дзвярэй, будаўнічыя адходы і смецце расліннага паходжання пасля навядзення парадку на агародах і ў кветніках, галіны дрэваў і высечанае кустоўе, – тлумачыць начальнік участка «Добраўпарадкаванне» КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Уладзімір Несцяровіч. – Такія адходы патрэбна вывозіць на палігон самастойна ці звяртацца ў камунгас за паслугай транспарту на ўмовах аплаты.
У КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» нагадалі: парушэнне правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў прадугледжвае штраф да 25 базавых велічынь (арт. 22.10 КоАП).