І ахова працы – на выдатна! Па выніках абласнога агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю работы па ахове працы ў 2024 годзе трэцяе месца ў СААТ «Ляхавіцкі малочны завод»

У Год добраўпарадкавання, які даў старт пяцігодцы якасці, самая пільная ўвага – на стварэнне камфортных і бяспечных умоў працы, што садзейнічае павышэнню яе прадукцыйнасці і паляпшэнню якасці жыцця работнікаў.

Як паведамлялася, па выніках штогадовага абласнога агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю работы па ахове працы ў 2024 годзе трэцяе месца ў намінацыі «арганізацыя вытворчай сферы з колькасцю работнікаў на канец года ад 101 да 500 чалавек» – у СААТ «Ляхавіцкі малочны завод».
Вось ужо 80 гадоў малочны завод у Ляхавічах выпускае прадукцыю, якая карыстаецца папулярнасцю ў пакупнікоў па ўсёй Беларусі і не толькі. Значная ўвага на прадпрыемстве надаецца мадэрні-зацыі вытворчасці, пашырэнню асартыменту і рынкаў збыту, кадраваму складніку. І, безумоўна, пытанням аховы працы.
– Выконваючы патрабаванні дзяржаўных стандартаў, з клопатам пра паляпшэнне ўмоў працы работнікаў на заводзе распрацаваны палажэнні ўласнай сістэмы аховы працы, якія занатаваны ў калектыўным дагаворы. Право-дзяцца разнастайныя прафілактычныя мерапрыемствы па папярэджанні няшчасных выпадкаў на вытворчасці, прафесійных захворванняў. Дырэкцыя прадпрыемства ўлічвае меркаванні і прапановы работнікаў па паляпшэнні бяспекі, здароўя, аховы працы і павышэнні працаздольнасці, – адзна-чае галоўны інжынер завода Сяргей Страмавус.
Значная ўвага надаецца рабоце з калектывам у плане фарміравання навыкаў па ахове працы.
– Акрамя іншага, на заводзе ўладкаваны кабінет па ахове працы, дзе на стэндах размешчана неабходная інфармацыя па ахове працы, праводзяцца тэматычныя заняткі, арганізоўваюцца прагляд відэафільмаў і дыстанцыйнае практычнае навучанне і г. д., – удакладняе інжынер па ахове працы прадпрыемства Іна Вайцешык (на здымку).
На парадку дня і кантроль за станам здароўя работнікаў прадпрыемства. На кожным вытворчым участку ў наяўнасці танометры, медыцынскія аптэчкі. Работнікі забяспечаны сродкамі індывідуальнай абароны, спецадзеннем і спецабуткам, за кожным замацавана індывідуальная шафа. Уваход на завод па спецыяльных электронных пропусках, укаранёна аўтаматызаваная сістэма кантролю стану работніка.
– Без перабольшвання, на прадпрыемстве створаны выдатныя бытавыя ўмовы для работнікаў. Гэта і пакоі для прыёму ежы, дзе ёсць халадзільнікі, мікрахвалёўкі і іншыя неабходныя электрабытавыя прыборы, душавыя і пакоі для асабістай гігіены. У цэхах і адміністрацыйным будынку ўстаноўлены кулеры з пітной вадой. Спецыяльныя памяшканні адведзены пад пральню і пакой для рамонту спецадзення, – гаворыць Іна Вайцешык.
У такіх умовах можна гаварыць і пра вытворчы плюс.
Галіна КАНЬКО.