Добры старт для абітурыента. Стартавала ўступная кампанія ў Ляхавіцкім аграрным каледжы
На гадзінніку без малога дзевяць раніцы – а вось чарга з патэнцыяльных навучэнцаў каля будынка каледжа ўжо сабралася. І хоць гэта толькі першы дзень, многія вырашылі
не цягнуць з падачай дакументаў, тым больш даўно вызначыліся з выбарам навучальнай установы і спецыяльнасці.

– Шчыра рады бачыць маладых людзей, якія выбралі нашу ўстанову. У першы дзень падачы дакументаў мы бачым, што наш каледж запатрабаваны. І хоць ён мае аграрную спецыфіку, з гэтага навучальнага года мы пачнём падрыхтоўку спецыялістаў па новым накірунку – «лясная гаспадарка». Навучанне ў нашым каледжы – гэта не толькі выдатная база ведаў і далейшая запатрабаванасць на рынку працы. Прыемным бонусам з’яўляецца і атрыманне інтэрната. Месца прадастаўляецца кожнаму жадаючаму. Канешне, мы ганарымся педагагічным складам. Пра прафесіяналізм і майстэрства гаворыць і той факт, што падручнікі аўтарства нашых педагогаў запатрабаваны ў навучальных установах краіны. А яшчэ аўтапарк каледжа хутка папоўніцца новым вучэбным аўтамабілем. Практычна ўсе нашы выпускнікі пасля заканчэння навучання маюць вадзіцельскае пасведчанне. Таму, калі вы вырашылі стаць часткай нашай агракаледжскай сям’і, упэўнена, не пашкадуеце, – сустрэла юнакоў і дзяўчат дырэктар ЛАКа Ірына Прыступа-Юнік.
Пакуль хвалюемся ў чарзе разам з абітурыентамі і іх бацькамі, цікавімся геаграфіяй будучых навучэнцаў. Дзяніс Мішкоў напрыклад, прыехаў са Століншчыны:
– Разам з бацькамі маніторылі інфармацыю ў інтэрнэце – спадабалася спецыяльнасць «лясная гаспадарка» ў Ляхавічах. Гэта бліжэй, чым прапаноўваюць іншыя навучальныя ўстановы. А яшчэ бацька працуе вальшчыкам лесу ў лясгасе, ёсць у каго павучыцца, таму паступаю мэтанакіравана. Спадзяюся на поспех.
У першы дзень лідзіруючыя пазіцыі трымае менавіта новая лясная спецыяльнасць. Ляхавічанін Арцём Лойка (выпускнік СШ № 2) падчас дзён адкрытых дзвярэй таксама зацікавіўся такой прапановай. Спадабалася – вырашыў паспрабаваць, а Ляхавіцкі лясгас падтрымаў мэтавым накіраваннем!
– Першы дзень паказаў, што попыт на прафесію тэхнік лясной гаспадаркі высокі. 11 чалавек падалі дакументы ў першыя гадзіны работы прыёмнай камісіі. Сёння ў нас ёсць база, каб падрыхтаваць добрых спецыялістаў. Прааналізавалі вучэбны план, убачылі, што шмат вучэбных агранамічных прадметаў перасякаюцца з дысцып-лінамі спецыяльнасці «лясная гаспадарка», напрыклад, земляробства, глебазнаўства, батаніка. А «біялогія лясных жывёл і птушак» перася-каецца з ветэрынарнымі прадметамі. Больш таго, добрая база падрыхтоўкі падчас вучэбнай практыкі маецца ў Ляхавіцкім, Ганцавіцкім, Баранавіцкім лясгасах. Такім чынам, ёсць усе складнікі, каб падрыхтаваць запатрабаваных спецыялістаў лясной галіны. А як мы даведаліся, дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву з абласным лесагаспадарчым аб’яднаннем, ёсць вострая патрэба ў такіх кадрах. Па вобласці не хапае каля 300 тэхнікаў лясной гаспадаркі. Іграе ролю і тое, што такога профілю навучальныя ўстановы знаходзяцца далекавата ад гарадоў Брэстчыны. Больш таго, спецыяльнасцю зацікавіліся маладыя людзі з Мінскай і Гродзенскай абласцей, – адзначае дырэктар каледжа.
Пакуль плануецца назваць аддзяленне агралесатэхнічным. Тут будуць выпускацца аграномы і тэхнікі лясной гаспадаркі, а на ветэрынарна-заатэхнічным аддзяленні будуць навучацца ветфельчары і заатэхнікі.
Сёлета на новую спецыяльнасць плануецца набраць 26 навучэнцаў, з іх 13 будуць вучыцца па мэтавым наборы. Безумоўна, такой зацікаўленасці спрыяла маштабная рэкламная кампанія. Акрамя дзён адкрытых дзвярэй, рознага роду прэзентацый, сустрэч са школьнікамі, выступленнямі на бацькоўскіх сходах, вялікую прафарыентацыйную работу правёў і Ляхавіцкі лясгас.
Сёлета план набору – амбіцыёзны. Каляджанамі могуць стаць 180 юнакоў і дзяўчат. Акрамя «лясной гаспадаркі», аб’яўлены набор на спецыяльнасць «вытворчасць прадукцыі расліннага паходжання» – 52 чалавекі, столькі ж і на спецыяльнасць «ветэрынарная медыцына». На спецыяльнасць «вытворчасць прадукцыі жывёльнага паходжання» плануецца набраць 50 чалавек.
Пашыраецца не толькі геаграфія навучэнцаў, расце і база заказчыкаў кадраў мэтавага прыёму. Сёлета, напрыклад, будуць навучацца будучыя кадры для Баранавіцкай птушкафабрыкі, СВК «Жухавічы» (Карэліцкі раён), Брэсцкага і Мінскага дзяржаўных вытворчых лесагаспадарчых аб’яднанняў і іншыя.
Момант важны і адказны, побач з абітурыентамі іх бацькі – таксама хвалююцца. А не разгубіцца ў патоку інфармацыі дапамогуць члены прыёмнай камісіі, якую ўзначальвае выкладчык ЛАКа Яўгеній Біза. За ходам прыёмнай кампаніі сочыць спецыяльная камісія ў складзе прадстаўнікоў аддзела па адукацыі райвыканкама Вольгі Шкут і Надзеі Лапіч.
Кожны з патэнцыяльных каляджан і іх бацькоў можа знайсці актуальную інфармацыю па лічбах прыёму на афіцыйным сайце ўстановы, заўжды адкрыта да дыялогу і кіраўніцтва кале-джа – усё раскажуць і прадэманструюць.
На раніцу 22 ліпеня дакументы на навучанне ў Ляхавіцкі аграрны каледж падаў 71 абітурыент, лідзіруючая спецыяльнасць – «лясная гаспадарка» – 29 чалавек.
Маргарыта КУХТА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА

