Верасень прымае эстафету ведаў! Для больш як 2 200 навучэнцаў школ Ляхавіцкага раёна ў мінулы панядзелак пачаўся новы навучальны год

●Для больш як 2 200 навучэнцаў школ Ляхавіцкага раёна ў мінулы панядзелак пачаўся новы навучальны год. Традыцыйна першы восеньскі дзень напоўнены радасцю, шчырасцю і натхненнем, шчымлівым і святочным настроем. Гэты дзень асаблівы
і для дзяцей, і для іх бацькоў, і для настаўнікаў. У поўнай гатоўнасці сустрэлі Дзень ведаў навучальныя ўстановы Ляхавіччыны

Сонечнае надвор’е дадало яшчэ больш цёплай атмасферы на ўрачыстай лінейцы ў СШ № 2. 
– Выдатны настрой, мора ўражанняў, безліч планаў і задумак – так наша школа перагортвае чарговую важную старонку ў сваёй гісторыі. За парты ў гэтым навучальным годзе селі больш за 550 навучэнцаў. Папаўненне і ў настаўніцкім калектыве. Спадзяюся, што надоўга застануцца ў нашай дружнай педагагічнай сям’і чацвёра маладых спецыялістаў, – расказвае дырэктар СШ № 2 Людміла Паўлоўская.
Традыцыйна раздзяляе радасць свята з вучнямі і настаўнікамі кіраўніцтва раёна. Павіншаваў прысутных з Днём ведаў старшыня райвыканкама Мікалай Мароз. Ён адзначыў, што дзяржава шмат увагі надае навучанню і выхаванню падрастаючага пакалення, стварэнню належных умоў. І сёлета шыкоўны падарунак зроблены ў тым ліку і СШ № 2 – пасля капітальнага рамонту адкрыта спартыўная зала. Старшыня райвыканкама пажадаў настаўнікам і рабятам цікавага падарожжа па краіне ведаў.


Як жа радаваліся адны з галоўных герояў свята – 46 першакласнікаў свайму першаму школьнаму падручніку – кіраўнік раёна ўручыў хлопчыкам і дзяўчынкам падарунак Прэзідэнта – кнігу «Беларусь – наша Радзіма».


На лінейцы ў гімназіі ў гонар пачатку навучальнага года радасць свята з гімназістамі і іх бацькамі, педагогамі раздзяліў старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч, які падкрэсліў, што клопат пра падрастаючае пакаленне – адзін з важных напрамкаў дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі. І як пацвярджэнне – капітальна адрамантаваны дах гімназіі. Дарэчы, на капрамонт спартзалы ў СШ № 2 і даху ў гімназіі з бюджэту было выдаткавана больш за 1,2 мільёна рублёў. Хвалююча, цікава і запамінальна прайшлі лінейкі, прысвечаныя пачатку навучальнага года, ва ўсіх школах Ляхавіччыны з удзелам прадстаўнікоў органаў раённай улады, сельвыканкамаў, прадпрыемстваў і ўстаноў, грамадскіх арганізацый. Кожная школа, а таксама ЦКРНіР атрымалі падарунак – сертыфікат на набыццё спартыўнага інвентару.


І вось самы ўрачысты момант: над школамі загучаў запрашальны ў краіну ведаў званок: новы год пачаўся! Выпускнікам-2026 даручылі важную місію: суправаджаць пачаткоўцаў за парты ў першы клас. Па традыцыі першы ўрок кожнага навучальнага года мае сваю тэму. 2025/2026-ы стартаваў з урока «Эстафета пакаленняў: захоўваючы мінулае, ствараем будучыню». 


Кузня кадраў для сельскай гаспадаркі і не толькі – Ляхавіцкі аграрны каледж таксама першага верасня адкрыў чарговы сезон падрыхтоўкі запатрабаваных спецыялістаў. Атрымліваць веды і замацоўваць іх на практыцы будуць 537 юнакоў і дзяўчат, з іх 180 – навучэнцы новага набору. У 2025/2026 навучальным годзе ў каледжы з’явілася новая спецыяльнасць – «лясная гаспадарка». На агранамічным аддзяленні будуць атрымліваць сярэднюю спецыяльную лясную адукацыю 26 навучэнцаў, з якіх палова – па мэтавым накіраванні. З пачаткам новага навучальнага года каляджан павіншавалі старшыня райвыканкама Мікалай Мароз, галоўны ляснічы Брэсцкага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Аляксандр Мацюшэўскі, пракурор Ляхавіцкага раёна Ігар Палыка, благачынны цэркваў Ляхавіцкай акругі протаіерэй Георгій Жытко, дырэктар ЛАКа Ірына Прыступа-Юнік.


У добрых шлях за ведамі, рабяты і педагогі! Цярпення і мудрасці бацькам навучэнцаў!
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.