Камсамол можа ганарыцца, БРСМ – не падвёў! Ляхавіччына стала адным з сямі раёнаў, адзначаных на маршруце праекта «Марафон мужнасці» «1 рэгіён. Сіла ў адзінстве»

Брэстчына аб’ядноўвае раёны не толькі геаграфічнай прыналежнасцю, кожны куток вобласці становіцца часткай гісторыі розных акцый, добрых спраў, фэстаў… Вось і 9 кастрычніка Ляхавіччына стала адным з сямі раёнаў, адзначаных на маршруце праекта «Марафон мужнасці» «1 рэгіён. Сіла ў адзінстве». Сёлетні патрыятычны заезд прымеркаваны да 105-годдзя камсамолу.

– Праект мае глыбокі сэнс – ён духоўна звязвае далёкія гістарычна пакаленні: тых, хто заваяваў мір, і тых, хто пераняў гэты мір і шануе, як самую вялікую каштоўнасць. Кожны рэгіён – гэта сотні гераічных гісторый, месцаў, што захоўваюць імёны пакалення пераможцаў. Таму мэта праекта – на прыкладах гераізму і мужнасці беларускага народа прыцягнуць увагу моладзі да захавання гістарычнай памяці пра подзвігі, лёс кожнага земляка, які падарыў нам шчаслівае жыццё. Падчас марафону мы наведваем памятныя месцы, помнікі, якія маўкліва нагадваюць нам пра наш абавязак памятаць, сустракаемся з людзьмі, якія сваім жыццём паказваюць прыклад адданасці краіне. Быць на гэтай зямлі для мяне асабіста шчымліва і важна. Адсюль мае карані – бабуля з Ляхавіччыны, вёскі Лабузы, – адзначыла першы сакратар абкама БРСМ Лізавета Чэмармазовіч.
Сустракалі прадстаўнікоў актыўнай моладзі па плошчы
Перамогі. Сімвалічна, бо менавіта гэта месца захоўвае памяць пра тых, хто ў гады вайны вызваляў наш раён ад ворага.
– У год 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне мы гаворым пра тое, што мужнасць і гераізм нашых дзядоў і прадзедаў перадаліся нашым дзецям – пакаленню, якому даверылі зберагчы самае каштоўнае. Мы стаім на сваёй зямлі моцна, бо ведаем яе гісторыю, яе карані. У гады вайны Ляхавіччына атрымала жорсткі ўдар ад акупантаў. Пад Завінскай горкай грымелі баі, якія аднеслі хуткія планы фашыстаў па захопе сталіцы. Больш за 40 нашых вёсак гарэлі ў фашысцкім агні – у гонар іх узведзены памятны знак у Марынове. Абавязкова туды заедзьце! Рады вітаць на ляхавіцкай зямлі, – сустрэў удзельнікаў марафону намеснік старшыні райвыканкама Алег Траццяк.
Сярод тых, хто наведвае кропкі маршруту, і наша зямлячка. Бухгалтар ААТ «Шлях новы» Марыя Івашка:
– Мы нікому не дазволім змяніць гісторыю, бо яна жыве ў нас. У кожным раёне свае гераічныя сюжэты той вайны. Шмат людзей, ад сустрэч з якімі застаецца многа эмоцый, нагод паразважаць. Гісторыі сучаснікаў натхняюць.
Кветкі да помніка і хвіліна маўчання. Дзякуй за жыццё, наш далёкі продак, моладзь помніць бессмяротны подзвіг!
Побач з гасцямі з розных рэгіёнаў – юныя патрыёты – выхаван-
цы ваенна-патрыятычных клубаў устаноў адукацыі Ляхавіччыны.
…Да камсамольскіх матываў. Для многіх з нас слова «камса-
мол» гучыць, як нешта казачнае і зусім не пра нас. Аднак былыя камсамольцы ведаюць, што сённяшні БРСМ узяў усе лепшыя традыцыі і трансфармаваў у сучасныя праекты і акцыі. Студатрады, марафоны дабрыні, суботнікі, дабрачыннасць, паездкі на бульбу і буракі… – усё гэта мае гісторыю не з адным дзясяткам гадоў.
Марафонцаў сустракаў Ляхавіцкі аграрны каледж. А тут да
сустрэчы падрыхтаваліся тэматычна класна: калі ласка, прымерце студатрадаўскую байцоўку, і чамаданчых байца ёсць, камсамольскі білет. А вось важкі архіўны дакумент – мандат і фотаздымак дэлегата з’езда ЛКСМБ навучэнкі заатэхнічнага аддзялення, датаваны 1987 годам.
Але ж нішто так не раскажа пра гісторыю камсамола, як самі камсамольцы. На дыялогавай пляцоўцы ў якасці спікераў да размовы далучыліся тыя, хто ў розныя часы працаваў у камсамольскай
структуры раёна. Іх імёны вядомыя, яны і сёння паказваюць актыўную пазіцыю жыцця. Мікалай Юруць, Ганна Малевіч, Тамара Халадзінская – камсамольцы са стажам знайшлі, як зацікавіць моладзь. Шмат успаміналі: і як працавалі на калгасных палях, як прымалі ўдзел у з’ездах, як рыхтавалі сувеніры да Сусветнага
фестывалю моладзі і студэнтаў у Маскве, як ствараліся студэнцкія працоўныя атрады… Галоўнае, што падкрэсліў кожны са спікераў, сёння традыцыі, закладзеныя камсамолам, працягваюць жыць. А значыць, камсамольцы могуць ганарыцца сваімі пераемнікамі. БРСМ – самая масавая маладзёжная структура краіны, і ўсё часцей актыўныя і крэатыўныя выбіраюць БРСМ. За арганізацыю гавораць яе справы – члены гэтага грамадскага аб’яднання праяўляюць сябе, лічы, ва ўсіх сферах жыцця. Дзе моладзь, там і БРСМ.
Рыта КРАСАВІЦКАЯ.
Фота аўтара.

