І ў ланч-боксе абеды смачныя. Ляхавіцкі «Ласунак» перарос статус кулінарыі і стаў паўнацэнным аб’ектам грамадскага харчавання


На гарачую лінію «ЛВ» большасць тэлефонных званкоў паступае з просьбай дапамагчы разабрацца ў той ці іншай сітуацыі. Але сустракаюцца і падзякі, а яшчэ прапановы расказаць пра тую ці іншую падзею ці прыемны факт. Такога кшталту інфармацыя паступіла ў раёнку і днямі. «Веснікаўцам» прапанавалі смачна і нядорага паабедаць. Назвалі і канкрэтны адрас у Ляхавічах –
магазін-кулінарыя «Ласунак».

Адзначу, што не была ў «Ласунку» некалькі гадоў, і ўбачанае станоўча здзівіла. Стала больш прасторна, камфортна і ўтульна. Яшчэ больш уразіў асартымент прапаноўваемых тавараў. Не буду спыняцца на разнастайнасці сырой мясной прадукцыі і паўфабрыкатаў, адразу
пяройдзем да гатовай прадукцыі. Салаты, гарачыя мясныя стравы,
смажаная рыба, а таксама сырнікі, бліны фаршыраваныя, піражкі, пончыкі, беляшы…
А вось і непасрэдна тое, пра што расказалі чытачы раёнкі. У ланч-боксах – комплексныя абеды. На гэты раз – расольнік, гуляш з макаронамі, кампот са свежых яблыкаў, салат, хлеб. За такі абед давядзецца заплаціць сем рублёў.
– З панядзелка па пятніцу прадаём комплексныя абеды ў ланч-боксах
з прымяненнем мінімальнай гандлёвай надбаўкі. Гатуюць стравы ў
рэстаране «Ластаўка», меню пастаянна мяняецца. Наведвальнікам больш за ўсё падабаюцца катлеты, салаты, рыба смажаная. Звычайна за дзень прадаём 25–30 комплексных абедаў, можна зрабіць і папярэднія заяўкі, – расказвае прадавец Алена Гаўрыс.

– Гэты магазін-кулінарыя – адна з найбольш запатрабаваных кропак грамадскага харчавання райспажыўсаюза. Тут быў зменены дызайн, устаноўлена новае халадзільнае і гандлёвае абсталяванне, павялічана колькасць пасадачных месцаў з 24 да 48, пастаянна пашыраецца
асартымент прапаноўваемай прадукцыі. Імкнёмся, каб даступымі і прымальнымі былі цэны і, канешне, ветлівае абслугоўванне, – падкрэслівае намеснік старшыні праўлення райпо Уладзімір Шырэй.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.







