Дыялог на сямейную тэму. У трэці чацвер кастрычніка на прадпрыемствах і ў арганізацыях Ляхавіччыны гаварылі пра ролю сямейных каштоўнасцей

У трэці чацвер кастрычніка на прадпрыемствах і ў арганізацыях Ляхавіччыны гаварылі пра ролю сямейных каштоўнасцей у сучасным грамадстве. У Тыдзень бацькоўскай любві тэма стала ключавой на парадку адзінага дня інфармавання.

Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз сустрэўся з калектывам ЦБП № 117 ААТ «ААБ Беларусбанк».
Размова пачалася з пытання пра тое, што для кожнага – сям’я. У адказ – дзеці, клопат, утульнасць, шчасце і г. д.
– Тэма сямейных каштоўнасцей актуальна заўсёды. Моцная сям’я – аснова паспяховага развіцця дзяржавы. Умацоўваць інстытут сям’і, захоўваць сямейныя каштоўнасці і перадаваць традыцыі – значыць інвеставаць у будучыню. Таму сацыяльна арыентаваная палітыка нашай краіны накіравана на захаванне і дзяржаўную падтрымку сям’і. А гэта і разгалінаваная сістэма сацыяльнай дапамогі, ільготы для мнагадзетных сем’яў і гарантыі для бацькоў, – акцэнтаваў увагу кіраўнік раёна.
Наяўнасць у календары Дня маці і Дня бацькі падкрэслівае важнасць ролі кожнага з бацькоў і іх адказнасць за выхаванне дзяцей. Важна, каб клопат дзяржавы пра сям’ю ўмацоўваўся і клопатам сям’і пра дабрабыт, каб дзеці клапаціліся пра сваіх бацькоў і акружылі іх увагай у старасці. І ў гэтым вялікая роля нададзена бацькам, якія павінны з дзяцінства прывіваць сынам і дочкам сямейныя каштоўнасці і ствараць цёплыя традыцыі, падкрэсліў Мікалай Мароз.
Па выніках сацапытанняў, на першым месцы ў жыхароў нашай краіны – стварэнне сям’і ў традыцыйным яе разуменні, нараджэнне дзяцей і выхаванне іх на аснове сямейных каштоўнасцей. Замежныя тэндэнцыі, разбуральныя для сям’і, не прыжыліся ў нашай краіне, і мы абавязаны заставацца вернымі сваім ідэалам, правераным часам, падкрэсліла начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах  моладзі райвыканкама Вольга Бурак.
Падчас сустрэчы гаварылі пра важнасць духоўна-маральнага выхавання моладзі, шматлікія акцыі і конкурсы, накіраваныя на ўмацаванне традыцый і асноў беларускага грамадства.
Удзельнікі сустрэчы скарысталіся магчымасцю пачуць адказы на хвалюючыя пытанні з першых вуснаў. Сярод пытанняў, якія былі адрасаваны старшыні райвыканкама, – будаўніцтва басейна ў Ляхавічах. Мікалай Мароз растлумачыў, што распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя, і на наступны год для пачатку будаўніцтва басейна выдзелена шэсць мільёнаў рублёў.

ІПГ пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Юрыя Чаранкевіча сустрэлася з калектывам сярэдняй школы № 2 г. Ляхавічы. Кіраўнік дэпутацкага корпуса ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыў партыйны білет Беларускай партыі «Белая Русь» дырэктару СШ № 2 Людміле Паўлоўскай.
У Тыдзень бацькоўскай любві рады партыйцаў пашырылі і медыкі, якія атрымалі білеты з рук старшыні раённага аддзялення Беларускай партыі «Белая Русь» Алега Траццяка.

Інфармацыйна-прапагандысцкая група пад кіраўніцтвам першага намесніка старшыні райвыканкама Васілія Пыжыка ў адзіны дзень інфармавання абмяркоўвала ролю сям’і з працоўным калектывам КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ». Адна з груп ІПГ пабывала ў Ляхавіцкім раёне электрасетак, дзе падчас абмеркавання надзённых праблем паступіла пытанне наконт падаўжэння асфальтавання вуліц у райцэнтры.
– На сёння рамонт вулічна-дарожнай сеткі Ляхавічаў завершаны. У райцэнтры у Год добраўпарадкавання пераўладкаванне дарог і вуліц з гравійнага на асфальтавае пакрыццё выканана ў поўным аб’ёме – 32 тысячы «квадратаў», – расказала начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Марына Завадская.

Пра значнасць сям’і ў нашым жыцці гаварылі і ў Ляхавіцкім аграрным каледжы. З педагогамі і навучэнцамі сустрэлася
першы намеснік старшыні камітэта эканомікі Брэсцкага аблвыканкама – начальнік упраўлення прамысловасці і інавацыйнай дзейнасці Вольга Джэжора.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.