З надзеяй на будучыню

Бацькі, педагогі, праваахоўныя органы і грамадскія аб’яднанні разнастайнымі сродкамі і спосабамі імкнуцца справіцца з праблемай росту правапарушэнняў сярод падлеткаў. Паўплываць на сумныя лічбы статыстыкі імкнуцца работнікі розных сфер.
Сацыяльна-педагагічная служба Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа, аддзел па справах моладзі райвыканкама разам з інспекцыяй па справах непаўналетніх і аддзяленнем па грамадзянстве і міграцыі РАУС правялі акцыю “З надзеяй у будучыню”. Зацікаўлена прайшло пасяджэнне “круглага стала”. У апошні час медыкі ўсё часцей уздымаюць праблему піўнога алкагалізму. Менавіта піва лічыцца класічным “стартавым напіткам”, з якога пачынаецца большасць алкаголікаў. Як вядома, у падлеткаў залежнасць ад алкаголю фарміруецца ў 3-4 разы хутчэй, чым у дарослых, і мае больш злаякаснае цячэнне. Маладым людзям расказалі пра ўплыў алкаголю на арганізм, пра адказнасць перад законам за з’яўленне ў грамадскіх месцах у нецвярозым стане. Так, напрыклад, калі падлетак затрыманы ў стане алкагольнага ап’янення не ўпершыню, то ён трапляе на ўлік у кабінет нарколага як асоба, якая рэгулярна ўжывае спіртное…
Наступны этап акцыі – сяброўскі турнір па настольным тэнісе сярод выкладчыкаў і навучэнцаў ЛДАКа, супрацоўнікаў рыйвыканкама і РАУС. Па выніках спаборніцтваў першынстваваў навучэнец 23 групы заатэхнічнага аддзялення Сяргей Мокан, на другім і трэцім месцах адпаведна — намеснік начальніка РАУС Сяргей Пажога і начальнік аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Віктар Чарняк. Пераможцам і прызёрам уручаны граматы і сувеніры.
Такога кшталту сустрэчы накіраваны на тое, каб паказаць падлеткам, як можна прадукцыйна і з карысцю праводзіць вольны час, дапамагаюць ім разабрацца ў сабе і зразумець свае праблемы. І як вынік – навучыцца браць на сябе адказнасць за ўчынкі, знайсці выйсце з заблытанай сітуацыі і глядзець з надзеяй у будучыню.
Таццяна ТРАЦЦЯК, педагог-псіхолаг ЛДАКа.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *