Па тонкім лёдзе шлях да бяды

Вадаёмы зімой, нетрывалы лёд уяўляюць небяспеку для любога, хто на гэты лёд ступае. У групе рызыкі рыбакі і дзеці. Снежань сёлета не вызначаецца маразамі, таму пра трываласць лёду гаварыць не даводзіцца.
На тэрыторыі раёна дзейнічае забарона выхаду на лёд, пакуль яго таўшчыня не дасягне належнага ўзроўню. Як выконваецца даная забарона, праверыў старшы інжынер ДСНС і ГА РАНС Дзмітрый Новік.
На вадаёмах па 5-6 аматараў рыбалкі. На просьбу выйсці на бераг яны адклікаюцца неахвотна, але ўсё ж выходзяць. На пытанне выратавальніка, якой таўшчыні лёд, ніхто не змог адказаць. Але нават візуальна па колеры покрыва бачна, што на яго выходзіць небяспечна. І хаця кожны ведае, што можа праваліцца, аднак спадзяецца, што з ім гэтага не здарыцца.
Адзін з рыбакоў паведаміў, што ён пенсіянер, вольнага часу ў яго шмат і не церпіцца выпрабаваць  атрыманыя ў падарунак ад сваякоў дарагія рыбалоўныя снасці. На пытанне супрацоўніка РАНС, ці ёсць з сабою сродкі выратавання, толькі адзін аматар паказаў выратавальную камізэльку, якая… ляжала ў машыне.
Дзмітрый Новік нагадаў аматарам  зімовай рыбалкі пра забарону выхаду на лёд у перыяд ледаставу, напомніў правілы бяспечных паводзін на лёдзе, аказання дапамогі чалавеку, які праваліўся пад лёд. Сёлета вучань Крывошынскай СШ у час рыбалкі на вадаёме Нетчын праваліўся пад лёд.
Дзеля папярэджання такіх здарэнняў ва ўсіх установах адукацыі раёна супрацоўнікі РАНС праводзяць прафілактычныя гутаркі з навучэнцамі і іх бацькамі па захаванні мераў бяспекі пры знаходжанні на вадаёмах    зімой. За дзяцей у адказе дарослыя.
Калі вы збіраецеся выйсці на лёд, упэўніцеся ў яго тры-валасці; выкарыстоўвайце находжаныя сцежкі, абыходзьце падазроныя месцы і пры з’яўленні тыповых прыкмет нетрываласці лёду (трэск, прагінанне, вада на паверхні) неадкладна вяртайцеся на бераг. Не ідзіце на рыбалку ў кепскае надвор’е (туман, снегапад, дождж), а таксама ноччу; ніколі не правярайце трываласць лёду ўдарам        нагі.
Калі вы праваліліся пад лёд, не паддавайцеся паніцы, старайцеся ўтрымлівацца на плыву, клічце на дапамогу, выбірайцеся з таго боку, дзе лёд найбольш моцны. Пры гэтым напаўзайце на лёд грудзямі, шырока раскінуўшы рукі, каб павялічыць плошчу апоры і зменшыць ціск на край лёду. Нагамі ўпірайцеся ў процілеглы бок, калі гэта магчыма. Не спыняйце спробу выбрацца, нават калі    лёд паламаўся. У неглыбокім вадаёме рэзка адпіхніцеся  ад дна і выбірайцеся на   лёд або рухайцеся па дну да берага, праломліваючы перад сабой лёд.
Калі выбраліся, не спяшайцеся ўстаць на ногі, каб не праваліцца зноў. Асцярожна адпаўзіце, шырока раскіньце рукі і ногі або адкаціцеся  як мага далей ад палонкі. І паўзком дабірайцеся да                            берага.  Калі вы ўбачылі чалавека, які праваліўся пад лёд (у палонку), паведаміце пра гэта па тэлефоне 101 і пастарайцеся дапамагчы. Аказваючы дапамогу, не падыходзьце да палонкі бліжэй  за 3-4 метры. У якасці сродкаў дапамогі выкарыстоўвайце лыжы, дошкі, палкі, вяроўкі, звязаныя рамяні. Калі чалавек выбярэцца з палонкі, не спяшайцеся да яго, а павольна адпаўзайце да берага на трывалы лёд. Пацярпелы павінен паўзці следам.
Праваліцца пад лёд можа кожны: рыбак, паляўнічы, турыст, чалавек, які скарачае сабе шлях, дзеці, пакінутыя без нагляду дарослых. Каб гэтага не здарылася, неабходна выконваць меры бяспекі і ведаць, як сябе паводзіць. Калі вы ўсё ж трапілі ў экстрымальную сітуацыю, важна не разгубіцца, а дзейнічаць граматна.
У выпадку, калі неабходна дапамога выратавальнікаў, неадкладна тэлефануйце па нумарах 101 або 112.

Валерый РАВІНСКІ, начальнік РАНС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *