Не пераступіць мяжу. 1 сакавіка міжнародны дзень барацьбы з наркаманіяй і наркабізнесам

Здавалася, што гэта бяда ніколі не пастукае ў нашы дзверы. Але, на жаль, слова «наркотыкі» ўсё часцей паўтараецца медыкамі, супрацоўнікамі праваахоўных органаў, стракаціць у крымінальных зводках. І цалкам зразумела, чаму ў нашай краіне барацьба з наркаманіяй вядзецца бескампрамісная: наркаманія ўяўляе пагрозу грамадству, калечыць лёсы людскія, забірае жыцці. Спыніць і выкараніць. Гэта не простая задача, і рашэнне яе залежыць, у тым ліку, ад усіх нас – нераўнадушных, неабыякавых. Здаровы сэнс павінен узяць верх. За жыццё без наркотыкаў – гэта так зразумела, так проста і так складана. Але іншага не дадзена, таму што мы ў адказе не толькі за сённяшні, але і за заўтрашні дзень.

30 гадоў назад Генеральная асамблея Арганізацыі Аб’яднаных Нацый аб’явіла 1 сакавіка  міжнародным днём барацьбы з наркаманіяй і наркабізнесам.  Толькі па прыблізных даных  у свеце колькасць людзей, якія ўжываюць наркотыкі,  перавышае 200 мільёнаў,  і  яна штогод павялічваецца. У нашай краіне пад назіраннем урачоў знаходзіцца каля 15 тысяч нарказалежных. Многія з іх паміраюць  маладымі. Але гэта не адзіная бяда, якую прыносяць наркотыкі.  Наркаманы схільныя да небяспечных паводзін.  Жаданне любымі шляхамі дастаць наркотыкі штурхае іх на злачынства: крадзяжы, грабяжы, забойствы. Пакутуе не толькі сам наркаман, але і людзі, якія знаходзяцца побач.

Зусім нядаўна ў лексіконе з’явілася слова “спайсы” – курыльныя сумесі, ужыванне якіх стала фатальным для дзясяткаў маладых  людзей.  Гаварыць пра адсутнасць небяспекі, звязанай з курыльнымі сумесямі,  не даводзіцца. Як зазначае ўрач-валеолаг райбальніцы Таццяна Усцюшкова, нават пры адна- ці двухразовым  прыёме  спайсаў развіваецца псіхалагічная залежнасць, а праз 2-3 месяцы – фізічная.
– Наркаманія – прычына не толькі высокай смяротнасці, але і павышанай суіцыдальнай рызыкі.  Наркаманы часцей за іншых  заражаюцца  віруснымі гепатытамі, ВІЧ/СНІД, венерычнымі хваробамі. Ужыванне наркотыкаў прыводзіць да цяжкіх паражэнняў унутраных органаў,  узнікаюць галюцынацыі. Такая   залежнасць носіць больш выразны характар у параўнанні з алкагольнай. За кароткі прамежак часу  усё,  акрамя чарговай дозы, адыходзіць на апошні план, – тлумачыць урач-валеолаг.
Супраць бяды – разам
Менавіта ўважлівасць дапаможа  выявіць схільнасць да наркотыкаў у  знаёмых ці родных і  своечасова забіць трывогу. Прафілактыка,  на думку спецыялістаў,  – адзін з асноўных дзейсных метадаў барацьбы супраць гэтай смяротнай звычкі.
– Наркаманія – пагроза здароўю і жыццю не толькі асобнага чалавека,  гэта небяспека для ўсяго грамадства. Пераважная большасць наркаманаў нідзе не працуе. Ужыванне “дозы” – кароткі шлях  да фізічнай, маральнай, сацыяльнай дэградацыі асобы. Гэта бяда, гора, супраць якіх неабходна аб’ядноўваць намаганні ўсіх і кожнага. Нельга замоўчваць праблему.  Важна, пачынаючы з сям’і, школы,  развіваць у дзяцей і падлеткаў самапавагу, магчымасць для самаарэалізацыі, імкненне да здаровага ладу жыцця, дапамагаць ім знаходзіць занятак па душы, навучыць рабіць правільны выбар і, калі трэба, гаварыць “не”. І паказваць гэта ўласным прыкладам: бацькам – дома, педагогам – у школе, каледжах, універсітэтах, лідарам маладзёжных арганізацый зацікаўліваць карыснымі справамі, – упэўнены ўрач-эпідэміёлаг райЦГіЭ Васілій Скараход.
Асаблівую занепакоенасць выклікае распаўсюджванне наркаманіі сярод моладзі. Статыстыка паказвае, што 90 працэнтаў тых, хто ўжывае наркотыкі, – маладыя людзі ва ўзросце ад 15 да 27 гадоў.
Людзі ўжываюць псіхатропныя рэчывы нават ведаючы, што яны смяротна небяспечныя. Тым не менш, спрабуюць з іх дапамогай  «зняць стрэс», стварыць ілюзорнае пачуццё дабрабыту.
– На жаль, не многія наркаманы па ўласным жаданні  здольны звяртацца за дапамогай да ўрача. А  атрымаць кваліфікаваную медыцынскую дапамогу яны могуць ва ўсіх абласных і гарадскіх наркалагічных дыспансерах ці ва ўрача-нарколага. У Ляхавіцкай райпаліклініцы арганізавана работа тэлефона даверу.  Па нумарах 2-46-43, 2-11-68 можна атрымаць  кваліфікаваную дапамогу  псіхіятра ці  нарколага.  Пазбавіцца ад нарказалежнасці магчыма  толькі пры падтрымцы родных, блізкіх, медыкаў, – заклікае псіхіятр-нарколаг райбальніцы Леанід Лапіч.
“Калі б з ломкі ўсё пачыналася, то не было б ніводнага наркамана”, – такі слоган аднаго з накірункаў праграмы “Роўны навучае роўнага”, якая рэалізуецца ў Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы. Чым прывабліваюць наркотыкі  падлеткаў, моладзь? У першую чаргу,  эйфарыяй, пра якую так “смачна” расказваюць знаёмыя, сябры. Але пры гэтым яны  замоўчваюць, а іншы раз нават і не помняць, што адбываецца з чалавекам, калі  ўздзеянне наркотыка  на арганізм  спыняецца.
– Канешне, сустрэчы з  медыкамі, псіхолагамі важныя і канструктыўныя.  Але  калі пра  шкоднасць звычкі расказваюць, прыводзяць прыклады равеснікі – гэта больш эфектыўна.  Запатрабаванасць трэнінгаў, круглых сталоў,  інтэрактыўных методык, сумесны прагляд відэафільмаў, інтэлектуальныя брэйн-рынгі сярод каляджан таму пацвярджэнне.  Навучэнцы сумесна з выкладчыкамі распрацоўваюць анкеты, ствараюць буклеты, арганізоўваюць дыялогі-сустрэчы.  Ад такой сумеснай работы галоўны вынік: у ЛДАКу не выяўлена ніводнага выпадку  ўжывання наркотыкаў, – гаворыць педагог-псіхолаг каледжа Таццяна Траццяк.
Ад эйфарыі  да злачынства – крок
У нашым раёне на ўліку ў наркалагічным кабінеце знаходзіцца  6 грамадзян з сіндромам наркатычнай залежнасці.  Ёсць сярод іх наркаманы са стажам, як, напрыклад, 38-гадовы і 40-гадовы ляхавічане, якія  прыцягваліся ўжо  да крымінальнай адказнасці, у  тым ліку і  за захоўванне ці распаўсюджванне наркатычных сродкаў.  На сумленні бацькоў і тая небяспечная мяжа,  якую аднойчы пераступіў і  стаў таксікаманам цяпер ужо 17-гадовы юнак з райцэнтра.  І  23-гадовы наш зямляк  даўно пасябраваў з наркотыкамі. Калі маці даведалася пра згубную звычку сына, учарашняга школьніка, яна ўсімі спосабамі старалася “засакрэціць” гэта, верыла абяцанкам  хлопца, што ён сам здолее справіцца з праблемай.  Зараз малады наркаман асуджаны да абмежавання волі і напраўлены ў выпраўленчую  ўстанову адкрытага тыпу. Яшчэ трое з тых, хто стаіць на ўліку,  летась трапілі ў поле зроку праваахоўнікаў пасля таго, як  іх затрымалі  ў грамадскіх месцах  у стане наркатычнага ап’янення.
Па словах оперупаўнаважанага крымінальнага вышуку РАУС Андрэя Чаранкевіча, у  адносінах да асоб, якія стаяць на ўліку,   вядзецца  прафілактычная работа:
– Распрацаваны комплекс мерапрыемстваў па ўстанаўленні і спыненні дзейнасці праз  віртуальныя  інтэрнэт-наркамагазіны, па выяўленні грамадзян, якія займаюцца распаўсюджваннем насення маку.
У час традыцыйнай міліцэйскай аперацыі “Мак” летась  было знішчана амаль 200 кілаграмаў маку  на плошчы 318 квадратных метраў, 32,5 кілаграма канапель. Да адміністрацыйнай адказнасці  за незаконнае вырошчванне маку прыцягнуты 21 жыхар раёна.
Каб стрымаць і спыніць наркаманію, у краіне  ўзмоцнена  крымінальная  адказнасць  за  злачынствы, звязаныя з распаўсюджваннем наркотыкаў.
Супрацоўнікі аддзялення крымінальнага вышуку  РАУС праводзяць значную работу  па папярэджанні і раскрыцці злачынстваў, звязаных з распаўсюджваннем наркатычных і псіхатропных сродкаў.  Падчас правядзення аператыўна — вышуковых мерапрыемстваў былі ўстаноўлены факты ўчынення цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў у сферы незаконнага абароту наркотыкаў і іх пракурсораў.
– Схільнасць да наркотыкаў,  у рэшце рэшт,  прыводзіць на шлях крыміналу,  – сцвярджае намеснік начальніка раённага  аддзела Следчага камітэта Аляксандр Траяноўскі. – Летась узбуджаны 2 крымінальныя справы па частцы 1 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса за незаконнае захоўванне наркатычных сродкаў. Адзін  са злачынцаў-наркаманаў асуджаны  да 2 гадоў 8 месяцаў пазбаўлення волі, другі – да года абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую  ўстанову  адкрытага тыпу.
Прафілактычная работа дае свой плён.  Так, у Ляхавіцкім  раёне зменшылася колькасць злачынстваў, звязаных з наркотыкамі, не дапушчана фактаў гібелі людзей ад атручвання і перадазіроўкі наркатычнымі рэчывамі.   Наш раён у гэтым сэнсе дагэтуль не выклікаў трывогі. Але ні ў якім разе нельга самазаспакойвацца. Наркотыкі здольны разбурыць жыццё любога чалавека. Наша агульная задача – не дапусціць гэтага.
Галіна КАНЬКО.
Иллюстрация с сайта http://otdohni.pro

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *