Стараста Бенькаўцаў Надзея Патапчык бязмежна любіць сваю Радзіму і той маляўнічы куточак, дзе нарадзілася, вырасла і жыве зараз

У Бенькаўцах — адной з невялікіх вёсак нашага раёна — кожны пакажа сядзібу Надзеі Патапчык. Утульны добраўпарадкаваны дворык з ранняй вясны да позняй восені ўсланы шырокім дываном рознакаляровых кветак, клапатліва вырашчаных гаспадыняй. Гэтай прыгажосцю яна шчыра адорвае сяброў, знаёмых, аднавяскоўцаў і, канешне, не забывае пра лагер «Чайка». Сам дом хутчэй нагадвае казачны церамок (праўда, сучасны), чым звычайную вясковую хату.
Надзея Пятроўна — выдатная гаспадыня. Здаецца, што ў яе сутках не 24 гадзіны, а значна больш. Інакш, як можна паспяваць спраўляцца з немалой гаспадаркай, падтрымліваць ідэальны парадак у доме і двары, шчыраваць на рабоце, а яшчэ займацца грамадскімі справамі, якіх у Надзеі Патапчык нямала. Апошнія 15 гадоў яна стараста Бенькаўцаў. За гэты час вяскоўцы ні разу не засумняваліся ў правільнасці свайго выбару.
Яна з тых людзей, якім да ўсяго ёсць справа: ніколі не пройдзе міма чужога гора, безгаспадарчасці, не разумее, як можна быць абыякавым і бяздзейным, калі камусьці патрэбна дапамога. Такой была ў маладосці — энергічнай, лёгкай на пад’ём, такой засталася праз гады, хаця лёс яе не заўсёды песціў.
У Надзеі Патапчык выдатны талент арганізатара. Зацікавіць землякоў любой справай: разам, талакой яны добраўпарадкуюць не толькі свае прысядзібныя ўчасткі, але і вясковыя вуліцы, могілкі. Працуюць, як і адпачываюць, сумесна і абавязкова з песнямі. Завадатарам выступае, канешне, мясцовы стараста.
Надзея Пятроўна бязмежна любіць сваю Радзіму і той маляўнічы яе куточак, дзе нарадзілася, вырасла і жыве зараз, дзе з’явіліся на свет яе гонар — сыны. У Бенькаўцах любяць гасцяваць нявестка і маленькі ўнучак. Тут Надзея — свая сярод сваіх, тут яе любяць, паважаюць, ставяць у прыклад, давяраюць. А гэта яшчэ больш натхняе, надае сілы і ўпэўненасць.
Лёс Надзеі Патапчык непарыўна звязаны з аздараўленчым лагерам «Чайка», начальнікам якога працуе больш як 25 гадоў. Яна памацярынску любіць сваіх выхаванцаў, і тыя адказваюць ёй узаемнасцю.
А яшчэ гатова зноў і зноў прызнавацца ў любві да роднай беларускай мовы, на якой, па прызнанні Надзеі Пятроўны, не толькі размаўляе, спявае, складае вершы, але думае і марыць.
І ці здзівіць каго-небудзь той факт, што Надзея Патапчык пабывала практычна ва ўсіх сталіцах святкавання Дня беларускага пісьменства?!
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *