Фармат розны, а душэўная шчырасць – традыцыйная. У ляхавіцкай гімназіі прайшлі традыцыйныя чытанні ў яблыневым садзе

Яблыневая квецень, прыемны вясенні водар і, самае галоўнае, цудоўная кампанія аднадумцаў, ды яшчэ і з гітарай у руках – здаецца, гэта і ёсць рэцэпт шыкоўнага адпачынку. Фантастычна душэўна і з цеплынёй, па-сяброўску шчыра і пранікнёна ў ляхавіцкай гімназіі прайшлі традыцыйныя чытанні ў яблыневым садзе.

Творчая сустрэча штогод здзіўляе і на вышыні па колькасці новых крэатыўных фішак. Не расчаравала і сёлетняя. Змяніўся фармат – цяпер творчых педагогаў і рабят аб’яднаў бардаўскі фестываль.
Сапраўдны мікс атрымаўся і ў выканальніцкім плане. Гучалі творы Булата Акуджавы, Святланы Тарасавай, Дзмітрыя Харац’яна, Алега Анофрыева. Не абышлося без дэбютных выступленняў – аўтарскую творчасць прэзентавала таленавітая музыкальная змена гімназістаў.
Яблыневы сад для гімназістаў – як сімвал заўсёднага сяброўства, настаўніцтва і пераемнасці пакаленняў, радуе і сёння яго наведвальнікаў. Калі закладвалі сад, удзел прымаў і былы дырэктар установы Аляксандр Каваленка. Сімвалічна, што сёння гучала яго любімая песня – «Зорька алая».
Не падпяваць немагчыма, такая яна сіла творчасці. Прыемна, што мяняецца не толькі фармат, але і пашыраецца аўдыторыя ўдзельнікаў. Навучэнцы СШ № 2 з радасцю раздзялілі гэтыя творча-музычныя хвіліны фестывалю, канешне, з надзеяй
на далейшае плённае супрацоўніцтва.


P.S. Час, праца, штодзённыя клопаты часта не пакідаюць шанцаў атрымаць асалоду ад самых простых рэчаў.
«Няма калі», «Пакінем на апасля», «Не сёння»… А потым натыкаешся на відэасюжэт з гімназічнага саду (на ім спяваюць мае педагогі – былы класны кіраўнік Віктар Яварчук, кіраўнік вакальнай групы «Ілюзія» Віктар Бародка, настаўнік рускай мовы і літаратуры Генадзій Шадура) – і спыняешся. І атрымліваеш сапраўдную хвіліну шчырых эмоцый, родных адчуванняў і, без перабольшання, гонар.

Маргарыта  КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.