На пастаяннай сувязі з насельніцтвам. Міністр сувязі і інфарматызацыі вёў прыём грамадзян і юрыдычных асоб у Ляхавіцкім райвыканкаме

Міністр сувязі і інфарматызацыі Канстанцін Шульган 2 сакавіка вёў прыём грамадзян і юрыдычных асоб у Ляхавіцкім райвыканкаме. Адначасова працавала прамая тэлефонная лінія

Тры жыхары раёна скарысталіся магчымасцю асабіста задаць пытанне міністру.
Тэлефанавалі з Ганчароў з нараканнем на дрэнную якасць мабільнай сувязі на тэрыторыі сельсавета, у прыватнасці, у Савейках, Тальмінавічах, Гайнінцы і Гайніне. З такой самай праблемай сутыкаюцца і вяскоўцы з Куршынавічаў, Задвор’я. Канстанцін Шульган даручыў абагульніць інфармацыю, каб пасля адрасаваць пытанне МТС.
Паступіла і просьба паспрыяць рамонту аддзялення сувязі ў Ганчарах. Дырэктар Брэсцкага філіяла РУП «Белпошта» Валянціна Пух адзначыла, што рамонт Ганчароўскага аддзялення сувязі запланаваны сёлета на першае паўгоддзе. Міністр сувязі падкрэсліў, што ведамства стараецца ў вызначаны тэрмін мадэрнізаваць
паштовыя аддзяленні і для зручнасці работнікаў, і для сваіх кліентаў.
Галіна Мікалаеўна з Куршынавічаў не задаволена, што не атрымлівае паведамленне на аплату паслуг тэлефоннай сувязі. Дырэктар Брэсцкага філіяла РУП «Белтэлекам» Аляксандр Кенда патлумачыў, што дагаворам на аказанне паслуг электрасувязі не прадугледжана выдача расшыфровак. Працэдура гэта платная, і атрымаць яе можа гаспадар тэлефоннага нумара ў сэрвісным цэнтры пасля прад’яўлення пашпарта.
Падчас прыёму былі абмеркаваны напрамкі развіцця і дзейнасці сувязі і інфарматызацыі, звернута ўвага на задачы, пастаўленыя перад галіной.
Міністр сувязі і інфарматызацыі адзначыў, што «Белтэлекам» і «Белпошта» імкнуцца развівацца так, каб было зручна спажыўцам іх паслуг, і выкарыстоўваюць тэхналогіі, якія сціраюць межы паміж горадам і вёскай. Увагі заслугоўвае апаратна-праграмны комплекс «мабільны паштальён» – устройства, якое дазваляе паштальёну аператыўна працаваць з жыхарамі аддаленых населеных пунктаў,
каб анлайн аплаціць вяскоўцам, напрыклад, камунальныя паслугі ці падпіску на перыёдыку. «Белтэлекам» сярод навінак прэзентуе мабільны дадатак «Мой горад», які стане інструментам узаемадзеяння насельніцтва з гарадской інфраструктурай. У ім змешчана шмат інфармацыі пра ўстановы адукацыі, медыцыны, бізнес і многае іншае. У Ляхавічах «Мой горад» зараз праходзіць стадыю тэсціравання, і яго запуск запланаваны на 10 сакавіка. Рэдакцыя «Ляхавіцкага весніка» таксама ў праекце.
Закранута і пытанне кіберзлачынстваў у інтэрнэце, хоць гэты накірунак і не адносіцца да сферы сувязі. Канстанцін Шульган акцэнтаваў увагу на захаванні асабістай бяспекі і пільнасці пры карыстанні інтэрнэтам, а таксама іншыя моманты. «Белтэлекам», дарэчы, прапануе інструменты для арганізацыі бяспечнага
доступу да інтэрнэт-паслуг.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.