Эцюд з настроем
У яе талент ствараць прыгажосць, рабіць звычайнае – незвычайным, штодзённае – святочным. Творчая, крэатыўная і жыццярадасная Алена Макарэвіч ні мінуты не сядзіць без справы. Педагог цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, яна больш за два дзесяцігоддзі з натхненнем перадае сваё майстэрства хлопчыкам і дзяўчынкам. Фарбы, пэндзлі, фантазія – і расцвітаюць на тканіне казачныя вобразы, звычайнае шкло ператвараецца ў вітраж, а просценькая ваза ці шкатулка становяцца мастацкім творам.
Работы выхаванцаў Алены Тадэвушаўны штогод адзначаюцца на самых разнастайных конкурсах і выставах. У мінулым годзе быў россып узнагарод з рэспубліканскага конкурсу юных майстроў па мастацкім роспісе: дыплом I ступені і два дыпломы III. А яшчэ дыплом I ступені ў абласной выстаўцы дзіцячай творчасці “Вясёлкавы калейдаскоп”. Штогод выхаванцы Алены Макарэвіч становяцца дыпламантамі рэспубліканскай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Калядная зорка”. У тым ліку і ўсё гэта стала грунтоўнай падставай для прысуджэння таленавітаму педагогу ганаровага статуса “Чалавек года”.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
Добрая, шчырая і таленавітая мастачка з залатымі рукамі.