Галоўныя ролі Тамары Морскай

Да пастаноўкі спектакля «Вехі жыцця» дырэктар Конькаўскага сельскага Дома культуры Тамара Морская рыхтавалася з асаблівым хваляваннем і натхненнем. Ён прысвячаўся жыццю і творчасці славутага земляка, сусветна вядомага кінарэжысёра Міхаіла Пташука. Ён, як і Тамара Морская, нарадзіўся ў вёсцы Федзюкі.
Увогуле, Тамара Фёдараўна, якая мае дыплом рэжысёра (у свой час закончыла Гродзенскае культасветвучылішча) — асоба надзвычай творчая. Яна адна з першых у раёне стварыла тэатральнае аматарскае аб’яднанне «Вясёлы балаган». У якіх толькі пастаноўках ні ўдзельнічалі вясковыя самадзейныя артысты — па сумяшчальніцтве вучні школы, студэнты, сельгаспрацаўнікі і, канешне, работнікі мясцовага СДК.
Як рэжысёру Тамары Морскай асабліва цікава ставіць спектаклі на гістарычную тэматыку: «Рагнеда», «Споведзь, або Крыж Еўфрасінні Полацкай». На многіх самадзейных сцэнічных пляцоўках з поспехам прайшлі «Паўлінка», «Матуліна спадчына», пастаноўка тэатра ценяў «Ты за мяне маліся» і іншыя.
Тэатральныя эцюды аўтара Морскай часта становяцца сюжэтамі раённых святаў. Нязменна на ўрачыстасцях, прымеркаваных да Дня Перамогі і Дня Незалежнасці, гараджане і госці Ляхавіч бачаць Тамару Морскую ў незвычайных ролях. Яна то ўдала ўвасабляе трагічны вобраз маці, якая адпраўляе на вайну сваіх дзяцей, то стварае вобраз моцнай духам жанчыны, якая не скарылася прыгнёту і выжыла ў ваенным ліхалецці. Таму патрыятычныя пастаноўкі накшталт «Сэрца маці» ці «А раніцы ўжо не было» надзвычай пранікнёна ўспрымаюцца і пакідаюць у сэрцы глыбокі след.
Артыстычныя і вакальныя даныя Морскай даўно заўважылі і паставілі выдатную адзнаку не толькі гледачы, але і прафесійнае журы. Яна стала ўладальніцай дыплома ІІІ ступені на абласным конкурсе «Тэатральнае Палессе» менавіта ў намінацыі «Лепшы акцёр».
Больш за 25 гадоў Тамара Морская працуе на культурнай ніве раёна, 20 з іх — у Конькаўскім СДК.
— А калісьці ў 1988 годзе мы разам пачыналі працаваць у толькі што створаным метадычным цэнтры аддзела культуры. У яе працоўнай кніжцы адзін запіс: месца работы — аддзел культуры Ляхавіцкага райвыканкама, — расказвае дырэктар РМЦ Соф’я Марчык.
Для Тамары Морскай Федзюкі — маленькая радзіма, месца, яе жыхарства. Яна ведае тут кожную сцяжынку і ўсё пра сваіх землякоў. А Конькаўскі СДК — сапраўды другі дом. Для яе ў радасць ствараць радасць для адна вяскоўцаў. Узяць хаця б традыцыйнае свята вёскі ці, па- сучаснаму, аграгарадка. Кожны год Тамара Фёдараўна ўносіць у святкаванне нейкую запамінальную іскрынку.
У гэтай жанчыне спалучаюцца творчасць і вопыт. Ім яна, не шкадуючы, дзеліцца з маладымі калегамі.
Яе дзеці не сталі культработнікамі-прафесіяналамі, тым не менш — самадзейныя артысты што ні ёсць сапраўдныя! Напрыклад, дачка Іна, якая працуе псіхолагам у СШ № 1, дэкламавала вершы на абласным свяце «Зорка ўзышла над Беларуссю», а сын Васілій — нязменны ўдзельнік пастановак «Вясёлага балагана». Ва ўсіх справах, у тым ліку тэатральных, галоўны памочнік Тамары Фёдараўны — яе муж.
За шматлікімі клопатамі яна знаходзіць час, каб заняцца сваімі любімымі кветкамі. Кажуць, што кветкі асабліва прыгожыя ў дбайных гаспадынь і шчырых людзей, якія ідуць аптымістамі па жыцці. Прыклад Тамары Морскай гэта толькі пацвярджае.
Галіна КАНЬКО.
Фота Соф’і МАРЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *